У Віцебску ў межах «Тыдня беларускага мысьленьня» прайшоў круглы стол пад даволі філязофскай назвай «Хваліць нельга лаяць: што ў Беларусі ня так зь лідэрамі думак».
Грамадскія актывісты, экспэрты і проста тыя, для каго вольнае, сьвядомае і абгрунтаванае мысьленьне ня проста словы, цягам дзьвюх з паловай гадзін абмяркоўвалі, што такое лідэрства і якім павінен быць лідэр у Беларусі, а таксама якая культура пануе ў краіне сёньня і ў чым наша праблема.
Экспэртамі круглага стала сталі палітолягі Вячаслаў Бабровіч і Сяргей Нікалюк. У ролі каардынатара на мерапрыемстве выступіла лідэр грамадзянскай кампаніі «Наш Дом» Вольга Карач.
Асноўнае пытаньне, якое было пастаўленае на самым пачатку, гучаў так: чаму ў Беларусі няма агульнанацыянальных аўтарытэтаў, якія б прызнаваліся ўсімі. Прычым тут мелася на ўвазе лідэрства ня толькі палітычнае, але і інтэлектуальнае, і г.д.
Вячаслаў Бабровіч адразу падкрэсьліў, што ў нас у краіне тэма лідэрства - яна цэнтральная, якая знаходзіцца ў сталым абмеркаваньні. І напачатку пагаворым пра лідэра-палітыка - цяперашняга беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку.
На думку экспэрта, адметнасьць палітычнага лідэра ў прынцыпе ў тым, што ён павінен быць лідэрам для ўсіх. Праўда, з такім меркаваньнем пагадзіліся ня ўсе ўдзельнікі дыскусіі, адзначыўшы, што лідэр-палітык можа быць аўтарытэтам для большасьці, але ніяк не для ўсіх.
Што тычыцца канкрэтна беларускага прэзыдэнта і сакрэту яго лідэрства, тут Бабровіч зыходзіць з галоўнай на сёньня праблемы, якой ён называе наша грамадзтва, якое спараджае Лукашэнку і захоўвае яго дагэтуль. Палітоляг называе гэта аўтарытарнай культурай, дадаючы пры гэтым, што ад яе трэба пазбаўляцца, бо тут ёсьць звычка аднаго лідэра, а дэмакратыя ж у сваю чаргу мяркуе плюралізм думак.
На погляд іншага палітоляга, Сяргея Нікалюка, пытаньне беларускага лідэрства на цяперашні момант не стаіць наогул, бо беларускага грамадзтва як нейкага адзінства папросту не існуе, яго можна драбіць бясконца, іншымі словамі - гэта раскол.
А адносна палітычнага лідэрства Лукашэнкі экспэрт сказаў, што яно шмат у чым палягае ў тым, што большасьць разважае сапраўды гэтаксама, як і прэзыдэнт, і большасьці зразумелая ягоная мова. То бок ізноў жа вяртаемся да грамадзтва. Апроч таго, як падкрэсьліў Нікалюк, шмат у чым сярэднестатыстычны беларус - гэта чалавек дадзяржаўнай культуры. А гэта значыць, што ён успрымае дзяржаву як вялікую сям'ю, а кіраўніка краіны як «бацьку». Адсюль і скачам.
Зараз наконт лідэраў-інтэлектуалаў. Тут абмеркаваньняў было менш. Сяргей Нікалюк і зусім быў катэгарычны, заявіўшы, што цяпер у краіне няма попыту на інтэлект. Дык як той жа пісьменьнік, напрыклад Сьвятлана Алексіевіч, можа стаць інтэлектуальным лідэрам, калі няма попыту на літаратуру? Аніяк. Бо попыт фармуецца кім - большасьцю, а большасьць цяпер папросту жыве ў іншым сьвеце і кажа на іншай мове. Вось і ўсё.
Адсутнасьць попыту ў грамадзтве як прычына адсутнасьці агульнанацыянальных лідэраў - гэта ёсьць адна з галоўных высноваў, якая была зробленая пад канец мерапрыемства. Плюс да гэтага - наяўнасьць аўтарытарнай культуры ў Беларусі, якая робіць досыць складаным пытаньне дыялёгу і дамоўленасьцяў. Таксама ўдзельнікі круглага стала сышліся ў меркаваньні, што гэтую тэму яшчэ вывучаць і вывучаць.