Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь паабяцала ўлічыць прапанову праваабаронцы Леаніда Сьвеціка пры дапрацоўцы праекту нарматыўна-прававога акту, накіраванага на прафіляктыку сацыяльнага ўтрыманства.
Усё пачалося з таго, што яшчэ ў лютым 2015 году Леанід Сьвецік зьвярнуўся ў Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы, сацыяльнай абароне, справах вэтэранаў і інвалідаў з прапановай унесьці папраўкі ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб занятасьці насельніцтва Рэспублікі Беларусь».
Сутнасьць сваёй прапановы праваабаронца сфармуляваў наступным чынам: даць афіцыйнае азначэньне паняцьця «дармаед», бо гэта дазволіць аднолькава вызначаць асоб, якія не вядуць працоўнай дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі.
Леанід растлумачыў, што азначэньне паняцьця «дармаед» таксама неабходна для вырашэньня прававой калізіі паміж патрабаваньнямі артыкулу 41 (Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасьцьвярджэньня чалавека, гэта значыць права на выбар прафэсіі, роду заняткаў і працы ў адпаведнасьці з пакліканьнем, здольнасьцямі, адукацыяй, прафэсійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадзкіх патрэбнасьцяў, а таксама на здаровыя і бясьпечныя ўмовы працы) і артыкулу 56 (Грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаныя браць удзел у фінансаваньні дзяржаўных расходаў праз выплату дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў) Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Таксама праваабаронца прапанаваў унесьці ў Закон «Аб занятасьці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» прававую норму, якая абавязвае беспрацоўных грамадзян на працягу аднаго каляндарнага месяцу стаць на ўлік у службе занятасьці. На думку Леаніда Сьвеціка, гэтая заканадаўча замацаваная норма спросьціць улік усіх непрацаўладкаваных грамадзян, дазволіць сыстэме адукацыі арганізаваць падрыхтоўку запатрабаваных на рынку працы рабочых, інжынэрна-тэхнічных і кіраўніцкіх кадраў, эфэктыўна кіраваць працоўнымі рэсурсамі.
Азнаёміўшыся з прапановамі праваабаронцы, ад імя Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаньнях яе старшыня Ўладзімер Васіленка адказаў, што згодна зь дзейным заканадаўствам Палата прадстаўнікоў разглядае толькі тыя праекты законаў, якія ўносяцца ў парлямэнт суб'ектамі, якія валодаюць заканадаўчай ініцыятывай.
Далей у адказе паведамляецца аб тым, што ў цяперашні час у Палаце Прадстаўнікоў на разглядзе няма законапраектаў, накіраваных на ўрэгуляваньне ўзьнятых праваабаронцам пытаньняў. Таму яго зварот быў перанакіраваны ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь для разгляду і магчымага ўліку прапаноў у межах плянавага карэктаваньня заканадаўства аб занятасьці насельніцтва.
Першы намесьнік міністра Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Пётар Грушнік паведаміў Леаніду аб тым, што яго прапанова наконт азначэньня паняцьця «дармаед» прынятае да ведама і будзе разгледжанае пры дапрацоўцы праекту нарматыўна-прававога акту, накіраванага на прафіляктыку сацыяльнага ўтрыманства.
У той самы час спадар Грушнік адмовіў у падтрымцы прапановы праваабаронцы ў частцы замацаваньня абавязку непрацуючых грамадзян зарэгістравацца ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне на працягу аднаго месяцу пасьля страты працы (звальненьня). На думку чыноўніка, гэтая норма будзе супярэчыць праву грамадзян на выбар спосабу атрыманьня садзейнічаньня ў працаўладкаваньні.
Тым ня менш ад імя Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь намесьнік міністра падзякаваў праваабаронцу Леаніду Сьвеціку за актыўную грамадзянскую пазыцыю і ўдзел у вырашэньні агульнадзяржаўных праблем.