Маніторынг працы з насельніцтвам Віцебскай вобласьці выявіў хібы ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы і гандлёвым абслугоўваньні. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі.
Завершаны другі этап праведзенага па даручэньні кіраўніка дзяржавы маніторынгу выканаўчых і распарадчых органаў і арганізацыяў Віцебскай вобласьці па пытаньнях працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў. На першым этапе маніторынгу, які адбыўся ўвесну 2014 годц, у поле зроку міжведамаснай працоўнай групы трапілі Дубровенскі і Гарадоцкі раёны, а таксама Віцебск, на другім, восеньскім, этапе - Браслаўскі, Верхнядзьвінскі і Пастаўскі раёны.
У міжведамасную працоўную групу, якую ўзначальвае старшыня КДК Беларусі Леанід Анфімаў, увайшлі службовыя асобы органаў дзяржаўнага кантролю і фінансавых расьсьледаваньняў, абласной пракуратуры, абласных упраўленьняў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і Дэпартамэнта дзяржаўнай інспэкцыі працы.
У межах другога этапу маніторынгу чальцы працоўнай групы правялі тэлефонныя наўпроставыя лініі, асабістыя прыёмы ў раённых і сельскіх выканаўчых камітэтах, сустрэчы з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства, вывучылі працу мясцовых органаў улады з грамадзянамі. Дадзеная ацэнка якасьці абслугоўваньня жыхароў трох названых раёнаў установамі аховы здароўя, культуры, адукацыі, арганізацыямі гандлю і бытавога абслугоўваньня. Прааналізаваныя пытаньні выплаты заработнай платы, выплаты страхавых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Як паказаў маніторынг, у вывучаных раёнах працягваюць мець месца хібы ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы і гандлёвым абслугоўваньні, актуальныя пытаньні жыльлёвых адносін і прыватызацыі жытла (у прыватнасьці, вызначэньне яго кошту).
Асобныя пытаньні патрабуюць неадкладнага вырашэньня. Жыхары дамоў па вуліцах Лясной, Моладзевай, Зялёнай вёскі Бароўка Верхнядзьвінскага раёну, да якіх падведзены газ, сутыкнуліся з праблемай адключэньня ад цэнтральнага ацяпленьня сыстэмы ААТ "Верхнядзьвінскі райаграсэрвіс". Каб задаволіць заяўнікаў, вырашана захаваць на бягучы ацяпляльны пэрыяд цеплазабесьпячэньне падлучаных дамоў, грамадзянам растлумачаная неабходнасьць абсталяваньня жытла індывідуальнымі крыніцамі ацяпленьня да наступнага сэзону, бо страты цяпла ў населеным пункце вышэйшыя за сярэдні паказчык па вобласьці.
На прыёме ў Верхнядзьвінскім райвыканкаме ішла гаворка пра тое, што ў некаторых жылых дамох райцэнтру адсутнічае магчымасьць якаснага выкананьня сацыяльнага стандарту паводле нарматыву тэмпературы гарачай вады (ня менш за 50 градусаў). Для вырашэньня гэтага пытаньня ў Верхнядзьвінску патрабуецца завяршыць работы па дадатковай ўсталёўцы сеткавых помпаў і выканаць комплекс тэхнічных мерапрыемстваў.
Маніторынг пацьвердзіў актуальнасьць тэмы своечасовай выплаты заработнай платы. Так, у Браслаўскім раёне за студзень-кастрычнік 2014 году пратэрмінаваная запазычанасьць па зарплаце адсутнічала толькі на 1 сакавіка. Марудна зьмяняецца сытуацыя і з пратэрмінаванай запазычанасьцю па плацяжох у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы і сацабароны. У Браслаўскім, Пастаўскім і Верхнядзьвінскім раёнах па плацяжох у фонд маецца значная запазычанасьць.
Маніторынг выявіў, што ў асобных арганізацыях маюць месца парушэньні ў працы з грамадзянамі і прадстаўнікамі юрыдычных асобаў, факты цяганіны падчас вырашэньні пытаньняў, што хвалююць людзей.
БелТА