Да пяці гадоў пазбаўленьня волі прысуджаны прапаршчык, па віне якога на палігоне Лосьвіда пад Віцебскам пацярпеў салдат тэрміновай службы. Пра гэта паведамілі ў Віцебскім абласным судзе.
Пра інцыдэнт, які адбыўся яшчэ ў жніўні мінулага году падчас правядзеньня гаспадарчых работ на палігоне за 13 кілямэтраў ад Віцебску, паведаміла 22 лютага газэта “Наша ніва”. Паводле інфармацыі выданьня, прапаршчык кінуў у салдата рыдлёўку, і ў таго здарыўся разрыў селязёнкі.
“Віцебскі раённы суд разглядаў гэту справу, цяпер пададзеная апэляцыйная скарга, пакуль прысуд не набыў законную моц”, – паведаміла памочніца старшыні Віцебскага абласнога суду Натальля Платоненка.
Прысуд раённага суду быў вынесены 30 студзеня. Дата разгляду справы ў абласным судзе пакуль невядомая.
Арцём Мартыновіч, belapan.by