Інцыдэнт здарыўся 27 сакавіка ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску, дзе судзьдзя Іна Грабоўская мусіла разьбіраць справу затрыманага напярэдадні журналіста Кастуся Мардзьвінцава. Перад пачаткам працэсу яна заявіла, што хоча праводзіць паседжаньне ў сваім габінэце, а таму нікога на разгляд ня пусьціць.
У калідоры засталіся больш за 10 чалавек, ахвотных трапіць на разгляд, і яны пачалі адстойваць сваё законнае права трапіць на працэс.
Аднак міліцыянты канвою, які суправаджаў спадара Мардзьвінцава, літаральна выштурхнулі журналістку Алену Шабуню з габінэту судзьдзі. Той, хто гэта зрабіў, адмовіўся назваць сваё прозьвішча і пасаду.
На працэс над журналістам змаглі трапіць усяго два чалавекі – тыя, каго спадар Мардзьвінцаў пасьпеў заўважыць у калідоры, і потым хадайнічаў пра іх пэрсанальную прысутнасьць.
Тым часам віцебская актывістка, праваабаронца Ірына Трацьцякова паскардзілася старшыню суду Алене Папковай на незаконныя дзеяньні і некалькі разоў патрабавала, каб судзьдзя Іна Грабоўская дазволіла прысутнічаць усім ахвотным.
“У габінэце было чатыры вольныя крэслы, а побач з габінэтам – вольная судовая заля. Аднак судзьдзя Іна Грабоўская нізавошта не пагадзілася ні запрасіць людзей у свой габінэт, ні перайсьці ў іншае памяшканьне. Працэс быў хуткі: Кастусь Мардзьвінцаў сказаў, што ён журналіст-фрылянсэр, і што хацеў паведаміць пра акцыю 26-га сакавіка на сайце і ў сацыяльных сетках. Судзьдзя запыталася: “А хіба вы маеце на гэта права?”
Кастусь пачаў тлумачыць судзьдзі пра канстытуцыйныя правы, тая не пагадзілася. І на падставе апэратыўных відэазапісаў зрабіла выснову пра тое, што журналіст быў удзельнікам несанкцыянаванай акцыі. Хаця на відэазапісах было відаць, што ён не скандуе лёзунгаў, ня мае транспарантаў і толькі фатаграфуе”, – распавяла журналістка Алена Сьцяпанава, якой удалося трапіць у габінэт судзьдзі, бо пра гэта хадайнічаў Мардзьвінцаў.
Праваабаронца Ірына Трацьцякова падала скаргу старшыню Віцебскага абласнога суду Мікалаю Хамічонку на незаконныя дзеяньні судзьдзі Грабоўскай. Яна падкрэсьліла, што спрабавала прадухіліць парушэньне заканадаўства:
“Працэс праходзіў у габінэце судзьдзі, зачыненым знутры на замок. Заставалася адно: заявіць пра сваю прысутнасьць, і я гаварыла з судзьдзёй цераз зачыненыя дзьверы. Скончылася тым, што дзьверы адчыніліся, супрацоўнік у форме мяне адштурхнуў, і яшчэ трое міліцыянтаў, якія знаходзіліся ў калідоры, літаральна за ногі-рукі адцягнулі мяне ад габінэту. Таму ў сваёй скарзе – я прашу даць прававую ацэнку дзеяньням судзьдзі Грабоўскай і старшыні Кастрычніцкага райсуду Папковай, якая праігнаравала сытуацыю. Таксама прашу патлумачыць судзьдзям, што толькі яны маюць права распараджацца ў будынку суду, а не міліцэйскі канвой, які суправаджае затрыманых. І патрабую, каб вінаватыя былі пакараныя”.
За зачыненымі дзьвярыма было агучанае судовае рашэньне: пакараць Кастуся Мардзьвінцава арыштам на тэрмін 15 сутак. Такі ж самы тэрмін арышту прысуджаны віцебскаму сябру Беларускай асацыяцыі журналістаў Леаніду Сьвеціку (судзьдзя Тацяна Жураўкова) – за памкненьне асьвятляць акцыі 25 і 26 сакавіка. 10 сутак арышту атрымаў незалежны журналіст з Воршы Арцём Сізінцаў (судзьдзя Валянціна Міхасёва), які быў затрыманы ў Віцебску 25 сакавіка і яшчэ да суду мусіў правесьці амаль двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня.
baj.by