Па рашэньні эканамічнага суду вобласьці за нелегальны гандаль у аднаго з прыватных прадпрыемстваў Віцебску канфіскавана бытавой і кампутарнай тэхнікі больш як на 640 мільёнаў рублёў, а таксама накладзены штраф у 3,6 мільёну. Абласная пракуратура, куды ўладальнік ПУП неаднаразова зьвяртаўся са скаргамі, ня выявіла парушэньняў у працы падатковых органаў падчас кантрольнай закупкі.
Паводле інфармацыі пракурора аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласьці Ільлі Белавуса, факт рэалізацыі тэхнікі без суправаджальных дакумэнтаў быў выяўлены супрацоўнікамі падатковай інспэкцыі. Падчас кантрольнай закупкі ў прыватным доме, які зьяўляўся складам прадпрыемства, гэта пацьвердзілася. Дарэчы, згодна з КаАП парушэньне правілаў гандлю і аказаньня паслуг насельніцтву пагражае штрафам да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй тавару.
Аляксандар Кутынка, Витебские вести