Падчас сьвяткаваньняў 3 ліпеня ў Віцебску раздавалі ўлёткі, газэты і іншую прадукцыю з прарасейскай агітацыяй. Пра гэта паведаміла Радыё Свабода чытачка Анастасія Пілюгіна. Паводле яе словаў, яна пабачыла трох чалавек, якія на беразе Дзьвіны, дзе знаходзяцца кропкі грамадзкага харчаваньня, раздавалі прадукцыю.
У адной з улётак, сярод іншага, было напісана: «Стваральнік абраў расейскі народ духоўным павадыром усяго чалавецтва. Спачатку адродзіцца расейскі народ. Беларусь і Ўкраіна для Творцы - гэта непадзельная Сьвятая Русь! Наш народ павядзе за сабой усё чалавецтва плянэты».
Анастасія Пілюгіна пацікавілася ў распаўсюднікаў, на якой падставе распаўсюджваецца прадукцыя. На што ёй адказалі: «На падставе таго, што наш прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч нас падтрымлівае». Распаўсюднікі зрабілі заўвагу дзяўчыне за вышыванку, у якую тая была апранутая.
Пазьней Анастасія Пілюгіна зьвярнулася да міліцыянтаў. Тыя паабяцалі разабрацца, але распаўсюднікаў ужо не было.
svaboda.org