У Полацку пашкоджаны падмурак Барысаглебскага Бельчыцкага мужчынскага манастыра XII стагодзьдзя. Гэта адбылося падчас работ па правядзеньні газаправоду ў завулку Юбілейным. Гэты раён знаходзіцца практычна ў самым цэнтры старажытнага гораду і ўваходзіць у склад ахоўнай зоны гісторыка-археалягічнага музэю-запаведніку Полацку.
Шырыня выкапанай траншэі - 40 цм, глыбіня - 1 мэтар 80 цм. Унутры бачны падмурак з плінфы - чырвонай цэглы, характэрнай для старажытнага дойлідзтва, паведаміў полацкі краязнаўца Аляксей Бухавецкі.
- Коўш экскаватару ўжо зачапіў невялікую частку падмурку. Як мяркуецца, гэта Вялікі сабор Барысаглебскага манастыра. У бакавой частцы траншэі бачная частка муру старажытнага храма, - растлумачыў краязнаўца.
Паводле словаў Аляксея Бухавецкага, земляныя работы ў гістарычным цэнтры Полацку ідуць ужо цэлы тыдзень.
- Нягледзячы на абурэньне мясцовых аматараў гісторыі, сёньня рабочыя зноў на месцы і працягваюць капаць траншэю. Зьдзіўляе, хто даў дазвол на вытворчасьць земляных работ, склаў і зацьвердзіў праект па пракладцы газаправоду па гістарычнай тэрыторыі? Бо тут мусілі рабіцца археалягічныя пошукі, - кажа краязнаўца.
На месцы раскопу працуе толькі старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку Аляксандар Салаўёў. Ён уздымае з траншэі кавалкі старажытнай плінфы.
Барысаглебскі Бельчыцкі мужчынскі манастыр зьявіўся на рубяжы XI і XII стагодзьдзяў на левым беразе Заходняй Дзьвіны (па-за гарадзкой рысай Полацку таго часу). Яго заснаваў князь Барыс Усяслававіч. У манастыры было ня менш за чатыры храмы: "Вялікі сабор" (сапраўдная назва невядомая), цэрквы ў гонар Параскевы Пятніцы і сьвятых пакутнікаў Барыса і Глеба, храм-трыконх.
Пятніцкая і Барысаглебская цэрквы, паводле здагадкі гісторыкаў, зьяўляліся тварэньнем дойліда Яна, манаха Барысаглебскага манастыра.
tut.by