Прадпрыемствы дрэваапрацоўкі зрываюць тэрміны мадэрнізацыі вытворчасьцяў. Пра гэта 29 траўня заявіў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандар Якабсон на пасяджэньні міжведамаснай працоўнай групы па пытаньнях ходу мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны.
Прычын зрыву тэрмінаў уводу ў эксплёатацыю абсталяваньня па вытворчасьці пліт у ААТ "Віцебскдрэў" і нявыхаду яго на праектную магутнасьць (сакавік 2014 году) мноства. У першую чаргу, гэта негатоўнасьць будаўнічай пляцоўкі для мантажу абсталяваньня і няякаснае выкананьне мантажных работ, якое пацягнула ўзьнікненьне аварыйных сытуацыяў. Прадпрыемствам на працягу шасьці месяцаў не прымаюцца дзейсныя меры па наладцы выцяжной вэнтыляцыі на ўчастку прэсаваньня, ня выяўленыя прычыны і не названыя вінаватыя ў тым, што яна дагэтуль не працуе.
Нагадаем, што ў студзені губэрнатар Віцебскай вобласьці Аляксандар Косінец адзначыў, што завод пабудаваны, але ёсьць праблемы. Гэта, у прыватнасьці, нізкая эфэктыўнасьць вэнтыляцыйнай сыстэмы фармовачнага прэсу. У выніку ўзровень фармальдэгіду ў цэху на цяперашні момант у два разы перавышае дапушчальную канцэнтрацыю, таму там магчыма знаходзіцца толькі ў рэсьпіратарах. «Працуем разам з праектантамі, каб палепшыць вэнтыляцыйную сыстэму», - сказаў губэрнатар. Менавіта з-за перавышэньня ўзроўню фармальдэгіду не адбыўся візыт кіраўніка дзяржавы на прадпрыемства.
У той самы час ААТ "Віцебскдрэў" абвясьціў аб рэалізацыі пліты МДФ, вырабленай у працэсе пуска-наладачных работ на новай вытворчасьці. Фармат пліты 2440x1830, таўшчыня 15-17 мм, кляс фармальдэгіду E1, шчыльнасьць 700-720 кг/м3.
Народныя навіны Віцебска