Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні БХД Тацьцяна Севярынец і актывістка таго ж аргкамітэту Алена Шабуня спрабавалі аспрэчыць нерэгістрацыю іх у якасьці кандыдатаў – давесьці, што выбаршчыкаў падманулі, прымусіўшы прызнаць свае подпісы за вылучэньне апазыцыянэрак несапраўднымі. Суд не заўважыў у падмане нейкага парушэньня.
Тацьцяна Севярынец атрымала адмову ад абласнога суду: “Быў працэс, на якім я распавяла пра захады гарадзкой выбарчай камісіі, каб не зарэгістраваць мяне, забракаваўшы частку подпісаў. Захады гэтыя інакш як падманам не назавеш: да людзей прыходзіла праверка і пыталася, ці іхныя подпісы ў падпісных аркушах. Людзі пацьвярджалі, але іх прасілі засьведчыць гэта яшчэ адным подпісам у адмысловым блянку. Людзі даверлівыя, яны той блянк і не глядзелі! А потым высьветлялася, што падпісалі яны заяву, дзе гаварылася, што дату ў падпісным лісьце ставілі нібыта не яны, а зборшчыкі. Пра такое пытаньне іх нават не папярэджвалі! Больш таго: калі, прыкладам, за маё вылучэньне падпісвалася жонка, то “пацьвердзіць”, ці яе гэта подпіс, прасілі ці мужа, ці сына – каго знайшлі ў хаце. Абласны суд не палічыў гэта парушэньнем – ні махлярства з падпісаньнем дадатковых паперак, ні тое, што сьведчылі за кагось зусім іншыя людзі!”
Тацьцяна Севярынец даведалася пра “фокус” з дадатковымі блянкамі ад саміх абураных выбаршчыкаў. Яны напісалі пра гэта пісьмовыя тлумачэньні і гатовыя былі пайсьці ў суд сьведкамі. Але нават позвы на працэс не атрымалі:
“У абласным судзе позвы чамусьці хацелі выдаць мне – каб я сама запрашала людзей. Хіба гэта мой абавязак, а не суду? Я адмовілася гэта рабіць найперш таму, што 4 сакавіка езьдзіла на пахаваньне Рыгора Барадуліна ва Ўшачы. А 5-га, на судзе, проста абвясьцілі, што сьведкі не зьявіліся! Ніводзін! Я маю вялікія сумневы, што позвы ім наогул перадавалі. На тым усё і скончылася: мае сьведчыньні прызналі не вартымі ўвагі, а дзеяньні гарадзкой выбарчый камісіі, на чале са старшынёй Валянцінай Казакоўскай, якая сама брала ўдзел у праверках, палічылі законнымі”.
Па такім самым сцэнары прайшоў працэс і па скарзе актывісткі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Алены Шабуні. Яна пасьпела запрасіць некалькі сьведкаў, папрасіла правесьці экспэртызу – чыёй жа ўсё-ткі рукой прастаўляліся даты ў падпісных аркушах, але ўсё было марным. Віцебскі абласны суд вырашыў, што і яе не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты цалкам законна.
Раней з такой самай нагоды ў Віцебскі абласны суд зьвярталіся каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў. У іх таксама гарадзкая выбарчая камісія выявіла падобныя факты – што даты на падпісных аркушах нібыта ставілі не самі выбаршчыкі. І абласны суд стаў на бок камісіі, заявіўшы, што на момант рэгістрацыі камісія мела заявы выбаршчыкаў пра нібыта парушэньні. А калі людзі адмовіліся і заявілі, што памыліліся, не прачытаўшы, што яны падпісваюць “прызнаньні” наконт даты, рэгістрацыя ўжо скончылася, і цяпер нічога ня зробіш.
Праваабарончы цэнтар "Вясна"