Крэатыўныя аўтары, патэнцыйныя партнэры і прадстаўнікі адкрытага для супрацы чынавенства ў адной залі. Магчыма? Так, у Віцебску магчыма ўсё! 28 лістапада адбыўся Віцебскі “Кірмаш праектаў”, арганізаваны кампаніяй “Будзьма!” ужо другі раз.
Паказаўшы сябе падчас 5-хвіліннай прэзэнтацыі, кожны аўтар меў мажлівасьць адказаць на пытаньні публікі, прыняць хвалебныя водгукі ды, убачыўшы слабыя месцы сваёй працы, тут жа атрымаць прапановы па ўдасканаленьні ідэі або фармату праекту. На працягу мерапрыемства гледачы і ўдзельнікі “Кірмашу” выстаўлялі адзнакі кожнаму праекту ў катэгорыях “Актуальнасьць”, “Унікальнасьць” і “Магчымасьць рэалізацыі”.
На “Кірмашы” было прадстаўлена 7 праектаў. Малады гісторык Станіслаў Сілкоў прапанаваў стварыць новы гарадзкі “Клюб настольных гульняў”, які, апрача “выцягваньня” аматараў сацсетак і онлайн-гульняў у рэчаіснасьць, зможа аб’яднаць натхнёных “Паўстанцамі” цікаўных у распрацоўцы беларускіх гульняў. Менавіта ў бок адаптацыі папулярных настольных гульняў да беларускасьці па зьмесьце і мове раіла рухацца аўтару праекту аўдыторыя, называючы такі ход пэрспэктыўнай бізнэс-нішай.
Рэжысэр Юры Іваноўскі падзяліўся ідэяй Моладзевага экспэрымэнтальнага тэатральнага Цэнтру ў пасёлку Ноўка блізу Віцебску. Праект мае мэтай “вырошчваць” і прапагандаваць беларускіх маладых драматургаў, прадстаўнікоў так званай “новай драмы”. Узьнікла пытаньне, ці ня стане перашкодай аддаленасьць Цэнтру, але найбольш горача абмяркоўваўся стан маладой сучаснай драматургіі ў Беларусі.
Зь вялікай цікаўнасьцю публіка прыняла амаль гатовую да друку “Азбуку-саматканку” Сьвятланы Баранкоўскай і Кастуся Севярынца. Творчая група аўтараў кнігі зьвяртаецца па дапамогу ў ацэнцы выданьня такой кнігі, што, як высьветлілася, немагчыма ў Віцебску, паколькі літаратурных выдавецтваў у Віцебску не існуе. Аднак галоўны спэцыяліст аддзелу ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын прапанаваў падумаць аб тым, каб прадставіць творчы прадукт С.Баранкоўскай і К.Севярынца ў іншых фарматах, напрыклад, як вонкавую сацыяльную рэкляму ў горадзе для папулярызацыі беларускай мовы і рамесных традыцыяў.
Вядомы мастак і краязнаўца Ігар Дураў прэзэнтаваў сэрыю плякатаў “Віцебск сярэднявечны” з мэтай знайсьці партнэраў і аднадумцаў у рэалізацыі некалькіх яго творчых задумаў, а таксама жартаўліва папрасіў аб маральнай падтрымцы, таму што, як вядома, “мастака пакрыўдзіць можа кожны”. І адразу ж атрымаў прапанову ад спадарыні Баранкоўскай па далейшым творчым разьвіцьці праекту.
Ідэю далейшага пазыцыянаваньня Віцебску як гораду фэстываляў падтрымалі адразу тры ініцыятывы: правядзеньне Фэстывалю вулічнай музыкі, пры тым, што ў Віцебску граць на адкрытым паветры афіцыйна дазволена (Вольга Бізікава, vitebsk4me); Фэстывалю манумэнтальнага вулічнага мастацтва “Закатка” з дасканала распрацаваным і “абкатаным” на вуліцах Гомеля каштарысам (Максім Самасевіч) і праект па “выцягваньні культурнай энэргіі зь ветру” ў межах адноўленага Фэстывалю паветраных зьмеяў (Алесь Замкоўскі, vitebsk4me).
Падчас падвядзеньня вынікаў “Кірмашу” кожны з выступоўцаў адзначыў важнасьць жывой прэзэнтацыі ідэяў як для саміх аўтараў, так і для культурніцкіх мэнэджэраў, прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі. Вядоўца сустрэчы, каардынатар кампаніі па Віцебскім рэгіёне Ўладзімер Булаўскі падкрэсьліў, што па выніках мінулага “Кірмашу” сёньня ў горадзе рэалізуюцца некаторыя прэзэнтаваныя тады праекты (“Забаўлянкі для Янкі”, “Віцебск: папулярнае мінулае” і інш.).
Спэцыяліст аддзелу культуры гарвыканкаму Віктар Глушын падзякаваў ініцыятыўным віцяблянам за вельмі моцныя праекты, а ГКК “Будзьма беларусамі!” за магчымасьць пачуць пра кожнага: “Вельмі моцныя праекты. Бачна, што стаяла пытаньне пра тое, што Вы ўжо маеце і гатовыя прадставіць для таго, каб Ваш праект быў зроблены. І гэта для нас вельмі істотна, таму што вельмі часта бывае так, што да нас прыходзяць і кажуць: “Вось мы прыдумалі мерапрыемства! Вось такое! Рэалізуйце!” – так ужо ніхто ва ўсім сьвеце не працуе. Сёньня грамадзкія аб’яднаньні рэалізоўваюць праекты, гарадзкія ўлады гэтыя праекты ўзгадняюць і дапамагаюць нейкай парадай, праводзіць іх і г.д. Ня могуць некалькі чалавек, што працуюць ва ўладзе, зрабіць усе праекты, якія прыдумаюць жыхары гораду Віцебску ці іншых гарадоў”.
“Кірмаш праектаў” – камунікацыйная пляцоўка для людзей, якія займаюцца грамадзказначнай дзейнасьцю на скрыжаваньні культуры, гісторыі і краязнаўства, сацыяльнай сфэры, сучасных тэхналёгіяў і многіх іншых дысцыплін.