Традыцыйна 10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, вызначылі найлепшых журналістаў, адвакатаў і праваабаронцаў. Праваабаронцам году назвалі Любоў Кавалёву.
Маці Ўладзіслава Кавалёва ўшанавалі ўзнагародаю за «абарону сына, абвінавачанага ў зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім мэтро і пасьля расстралянага, і за барацьбу супраць сьмяротнага пакараньня».
«На гэта пакладзенае жыцьцё майго сына. Цягам усяго часу мяне падтрымлівалі людзі, і, каб ня гэта, мне было б значна цяжэй. Дзякуючы гэтаму падтрыманьню я яшчэ жыву, я яшчэ штосьці магу рабіць. Ці ёсьць у нас яшчэ правы? Па-мойму, у нас ужо даўно іх забралі. У любых справах ідуць толькі адпіскі», – зазначае Любоў Кавалёва.
Жанчына будзе надалей змагацца за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі і за рэабілітацыю імя свайго сына.
Адвакатамі году назвалі Алівіну Дрыго і Аліну Шостак, якія ў судох баранілі актывістаў «Маладога фронту». Журналіст году – Андрэй Пачобут.
БелСат