Вольга Гайдукова 4 сьнежня прыяжджала ў Віцебск на сустрэчу са сьледчым, які вядзе крымінальную справу сына, затрыманага супрацоўнікамі КДБ «за здраду дзяржаве». Праз тэлефон яна прасіла Алега Барысевіча запісаць яе на прыём, але сьледчы сказаў: «Прыяжджайце на допыт». Паводле спадарыні Гайдуковай, допыт у віцебскай абласной управе КДБ доўжыўся гадзіны паўтары.
З маці затрыманага наваполацкага актывіста ўзялі падпіску аб неразгалошваньні зьместу размовы. Але яна кажа, што нічога новага падчас сустрэчы са сьледчым і не даведалася — хіба толькі тое, што спатканьня з сынам ёй не дадуць: «Сустрэчы нам пакуль не далі, сказалі, што, можа, пад канец сьледзтва. Ці калі сьледзтва будзе завершанае. Я сустрэчай і задаволеная, і не задаволеная: нічога ж ня ясна, кропка не пастаўленая… Я свае пытаньні задавала, але ж яны не раскрываюць нічога… Артыкул застаецца ранейшы, вось і ўсё!»
Пэўныя спадзевы, што артыкул абвінавачаньня зьмянілі, у маці быў. Калі Андрэя Гайдукова, затрымаўшы ў Віцебску 8 лістапада, адразу завезьлі ў менскі СІЗА КДБ, ёй патлумачылі, што ў Віцебску няма ўстановы, каб трымаць падазраваных па такіх справах. Тым ня менш у першыя дні сьнежня хлопца перавезьлі ў Віцебск, і цяпер ён у тутэйшым СІЗА № 2.
Радыё Свабода