У мэтах аптымізацыі структуры крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС у Наваполацку ліквідуюць лячэбна-працоўны прафілякторый №8 і створаць на яго базе папраўчую калёнію №1. Адпаведны ўказ №223 апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Савету Міністраў даручана ажыцьцяўляць фінансаваньне стваранай папраўчай установы ў межах сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на ўтрыманьне органаў і арганізацыяў крымінальна-выканаўчай сыстэмы.
Міністэрства ўнутраных спраў у трохмесячны тэрмін павінна забясьпечыць у вызначаным парадку ліквідацыю лячэбна-працоўнага прафілякторыя №8 і дзяржаўную рэгістрацыю папраўчай калёніі №1, пераразьмеркаваць штатную колькасьць супрацоўнікаў і цывільнага пэрсаналу ЛПП №8 ды папраўчай установы адкрытага тыпу №15 упраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Віцебскай вобласьці, а таксама зацьвердзіць структуру і штатны расклад ПК №1.
Трэба сказаць, што, на думку «пастаяльцаў» Наваполацкага ЛПП № 8, гэтая ўстанова i да прэзыдэнцкага ўказу мала чым адрозьнівалася ад калёніі. Сяргей (імя зьменае на ягоную просьбу), які крыху менш за год правёў у ЛПП, у інтэрвію «Салідарнасьці» распавёў:
– Гэтую ўстанову можна параўнаць з папраўчай калёніяй узмоцненага рэжыму, бо да ўтварэньня ЛПП там была калёнія. Пэрсанал увесь застаўся той самы, як рэжым і парадак перасоўваньня па тэрыторыі. Мабільныя тэлефоны канфіскоўваліся падчас паступленьня і не выдавалiся. Адзінае адрозьненьне ад зоны – да цябе зьвяртаюцца «грамадзянін».
vitebskcity.info