Жыхарка Віцебску Аксана Ісакава кажа, што яе сын Віктар Селязьнёў і грамадзянскі муж Аляксандар Кудраўцаў, якія адбываюць пакараньне ў Шклоўскай калёніі № 17, у небясьпецы. Жанчына непакоіцца, што іхнае жыцьцё пад пагрозаю. Паводле яе, асуджаныя патрабуюць сустрэчы з пракурорам, але ім такой магчымасьці не даюць.
Да 10 сутак карцэру дадалі яшчэ 10 пасьля звароту ў Шклоўскую пракуратуру
Ад ананімнай крыніцы жанчына даведалася, што асуджаныя сын і муж — у штрафным ізалятары. Пасьля таго як яна паспрабавала высьветліць у Шклоўскай пракуратуры законнасьць накладзенага спагнаньня, ім дадалі да дзесяцісуткавага арышту яшчэ дзесяць сутак за нібыта парушэньне ўмоў адбыцьця пакараньня ў ШЫЗА.
Ісакава кажа, што сустрэчы з пракурорам дамагаюцца і іншыя асуджаныя, якія лічаць, што іхныя правы ў калёніі парушае адміністрацыя.
Увесь дзень 26 чэрвеня жанчына правяла пад сьценамі калёніі, дамагаючыся ад адміністрацыі тлумачэньняў. На знак пратэсту абвясьціла галадоўку. Паводле яе, супрацоўнікі калёніі патрабавалі, каб яна пакінула пляцоўку перад вязьніцай. Увечары, кажа яна, прыехалі міліцыянты і папярэдзілі, што знаходжаньне перад калёніяй незаконнае, і за гэта яе могуць затрымаць.
Са Шклова жанчына прыехала ў Магілёў і пакінула там зварот у абласную пракуратуру. У ім напісала, каб наглядны орган правёў праверку законнасьці накладзеных на сына і мужа спагнаньняў. У заяве адзначыла, што асуджаным не даюць магчымасьці зьвярнуцца ў пракуратуру са сваімі праблемамі.
«Ананімная крыніца мне паведаміла, што зьняволеныя просяць дапамогі і патрабуюць, каб зь імі сустрэўся пракурор, але ім такой магчымасьці не даюць», – казала Ісакава ў гутарцы з карэспандэнтам.
Што вымусіла асуджаных прасіць з волі падтрымкі, Ісакава ня ведае. З начальнікам калёніі і яго намесьнікамі жанчына сустракалася, калі сыну і грамадзянскаму мужу далі першыя 10 сутак:
«Супрацоўнікі калёніі настойваюць, што першае спагнаньне наклалі законна – за парушэньне парадку адбыцьця пакараньня. Другі раз іх пакаралі за тое, што я наважылася паскардзіцца ў пракуратуру. У гэтым я перакананая. Пра другія 10 сутак арышту я даведалася таксама з ананімнага тэлефанаваньня. Жанчына, якая мне званіла, сказала, што маім блізкім пагражае небясьпека, і толькі пракурор можа ім дапамагчы», – распавяла Аксана Ісакава.
«Самагубства, уцёкі, пажары ў калёніі – як тут ня будзеш непакоіцца за жыцьцё блізкіх?»
Свае апасеньні за жыцьцё і здароўе сына ды грамадзянскага мужа, зь якім зьбіраецца аформіць шлюб, Аксана Ісакава абгрунтоўвае паведамленьнямі пра сьмерці ў калёніях, у тым ліку і ў Шклоўскай.
«15 студзеня ў Шклоўскай калёніі ў ШЫЗА засіліўся асуджаны. І я дужа перажывала, калі даведалася пра здарэньне. І тут ужо мае родныя просяць дапамогі», – кажа суразмоўніца.
«Яшчэ адзін выпадак — гэта няўдалыя ўцёкі асуджаных са Шклоўскай калёніі. Я не магу пэўна казаць, што цяпер праз гэты інцыдэнт аказваецца ціск на іншых асуджаных, але нам жа праўды ніхто ня скажа, – працягвае Аксана Ісакава. – Маё меркаваньне, што ўцёкамі асуджаныя выказалі пратэст супраць парушэньня іх правоў у калёніі. Гэтак прыцягвалі ўвагу і дамагаліся праверак законнасьці ў калёніі. У калёніі адбылося за апошні час два пажары. Ня выключана, што гэткім чынам асуджаныя таксама прыцягвалі ўвагу да сваіх праблемаў».
У Магілёўскай абласной пракуратуры пацьвердзілі, што сын Ісакавай і яе грамадзянскі муж сапраўды ўтрымліваюцца за парушэньне парадку адбыцьця пакараньня ў карцэры. Прасілі жанчыну спыніць галадоўку і запэўнівалі, што разьбяруцца ў сытуацыі.
Праваабаронца Валадар Цурпанаў, які дапамагаў Аксане Ісакавай шукаць справядлівасьці ў абласной пракуратуры, глядзіць на справу з асьцярожным аптымізмам.
«Нам удалося сустрэцца ў пракуратуры з супрацоўнікамі, якія ня страцілі здатнасьць слухаць чалавека, – казаў ён. – Па іх рэакцыі было відаць, што супрацоўнікі да сыгналу грамадзянкі, якая прыйшла са сваім крыкам аб дапамозе, паставіліся сурʼёзна. Нам цяпер давядзецца толькі спадзявацца на тое, што пракуратура возьме справу сабе, а не перашле яе ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, каб толькі кантраляваць, як вырашыцца сытуацыя».
Віктар Селязьнёў асуджаны на 16 гадоў пазбаўленьня волі, пасадзілі яго два гады таму. Ён прызнаны вінаватым паводле другой часткі 139 артыкулу Крымінальнага кодэксу (забойства). Аляксандар Кудраўцаў праз год будзе вызвалены. За кратамі ён адбыў 19 гадоў з 20 прысуджаных.
svaboda.org