14 чэрвеня ў Віцебску адбыўся круглы стол Грамадзкай пляцформы «Дыялёг». Арганізаваў сустрэчу рух «Грамадзянская згода», які зьявіўся нейк раптам зь ніадкуль, але ўжо правёў аналягічную сустрэчу ў Менску.
На сталічным мерапрыемстве, праўда, сапраўдных палітычных антаганістаў не было. А вось у Віцебску былі. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі БНФ, камуністы са «Справядлівага сьвету», сацыял-дэмакраты, прадстаўнікі рухаў «Гавары праўду», «Рускі дом», «Наш дом», а таксама сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага саюзу мастакоў, Саюзу афіцэраў... Быў нават прадстаўнік упраўленьня ідэалёгіі Віцебскага аблвыканкаму Валер Марчанка. «Такія пляцоўкі, якія зьбіраюць людзей, што прадстаўляюць розныя палітычныя меркаваньні, неабходныя і карысныя. Людзям трэба размаўляць», – сказаў чыноўнік і запрасіў прысутных узяць удзел у працы грамадзкага савету, які створаны пры выканкаме з удзелам партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў. Дзіўна, што толькі цяпер. Быццам раней у аблвыканкаме ня ведалі, што на Віцебшчыне існуюць ня толькі праўладныя партыі і грамадзкія аб'яднаньні, але і апазыцыйныя.
Актывісты «Гавары праўду» казалі пра неабходнасьць дыялёгу з усімі сіламі дзеля мірных пераменаў у краіне. Аляксандар Кузьняцоў, прадстаўнік партыі БНФ, таксама паведаміў пра гатоўнасьць яго партыі да дыялёгу, але адзначыў, што гэта ў першую чаргу залежыць ад дзеяньняў улады. Прыхільнікаў «рускага сьвету» турбавалі спробы дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне...
Наступнае падобнае мерапрыемства на пачатку ліпеня адбудзецца ў Гомелі. Вось толькі пакуль незразумелы іх сэнс. Вялікі роскід тэмаў, незразумелая канчатковая мэта, ніякага аўтарытэту і вядомасьці ня мае арганізатар такіх дыскусіяў. Пакуль усё адбываецца ў духу: «Сустрэліся, пагутарылі, не пабіліся...»
belaruspartisan.org