Правацэнтрысцкая кааліцыя заявіла пра пляны ў траўні-чэрвені падаць заяўкі на правядзеньне пікетаў «недармаедаў» і пікетаў Салідарнасьці ў 30-ці рэгіёнах. Аднак здаецца, што нягледзячы на патрабаваньне Лукашэнкі даць людзям магчымасьць зьбірацца на плошчах і адкрыта выказваць сваё стаўленьне да ўлады, у рэгіёны паступіла зусім іншая дырэктыва.
«Ужо адмоўлена ў правядзеньні пікету ў Мёрах, – пра гэта паведаміў Сяргей Васільеў. – Мне прынесьлі адказ проста ў шпіталь, дзе я знаходжуся, і ён зьмяшчае забарону на правядзеньне пікету недармаедаў. Падстава: цэнтральная плошча гораду – ня месца для збору грамадзян. Там могуць ладзіць імпрэзы толькі чыноўнікі. Такім чынам, улады яшчэ глыбей капаюць яму, якая падзяляе чыноўнікаў і народ».
Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў адзначае: «Улада крывадушная. У этэр Лукашэнка заяўляе пра неабходнасьць даць магчымасьць людзям крытычна выказвацца пра тое, што робіць улада. І нават заклікае чыноўнікаў прыходзіць на такія сустрэчы. Але ў рэальнасьці дзейнічае забарона. Чым бліжэйшая восень, тым гучнейшы цырык-цырык».
ucpb.org