21 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну разглядаліся адміністрацыйныя справы ў дачыненьні да дваіх удзельнікаў акцыі пратэсту, якая адбылася ў Віцебску 26 лютага. Вынік разгляду: 50 базавых велічынь (1150 рублёў) штрафу Тацяне Севярынец, і 30 базавых (690 рублёў) – Кірылу Татарэвічу.
Абое былі пакараныя за парушэньне артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў): Кірыл Татарэвіч – паводле часткі 1 названага артыкулу, Тацяна Севярынец – часткі 3 (гэтая частка прымяняецца да тых, хто цягам году ўжо караўся за аналягічнае правапарушэньне).
Падставай для прыцягненьня да адказнасьці абаіх паслужыла толькі відэа, невядома кім зьнятае, сьведкі на суды не выклікаліся. І абаім далі максымальна магчымыя грашовыя штрафы, прадугледжаныя адпаведнымі часткамі артыкулу 23.34 КаАП.
Тое, што судзьдзя Алеся Жарыкава аштрафавала каардынатарку па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Тацяну Севярынец вялікім штрафам, асаблівага зьдзіўленьня ня выклікала. Усё ж такі спадарыня Тацяна – вядомы ў горадзе апазыцыйны палітык, і ў акцыі «недармаедаў» сапраўды выяўляла актыўнасьць: выступала, зачытвала артыкулы Канстытуцыі, якія ўлады, паводле яе словаў, не выконваюць. Яна сама рыхтавалася да яшчэ больш суворага пакараньня – прынесла з сабою ў суд пакунак з рэчамі і прадуктамі на выпадак адміністрацыйнага арышту.
А вось завошта судзьдзя Ўладзімер Царыкаў гэтак жорстка пакараў Кірыла Татарэвіча – грамадзянскія актывісты, праваабаронцы і журналісты, якія прыйшлі на суды, не зразумелі: 19-гадовы віцябчук удзельнічаў у акцыі пратэсту, як ён кажа, упершыню ў сваім жыцьці, быў шараговым удзельнікам гэтай акцыі, не належыць ні да якай з апазыцыйных структур.
Па заканчэньні судоў і Кірыл Татарэвіч, і Тацяна Севярынец заявілі, што намерваюцца абскардзіць пастановы суду.
Нагадаем, 26 лютага ў Віцебску адбыўся так званы «Марш недармаедаў» – стыхійныя мітынгі на плошчы Перамогі і плошчы Леніна і вулічнае шэсьце па вуліцы Леніна. У акцыі пратэсту ўзялі ўдзел, паводле розных ацэнак, ад паўтары да трох тысяч чалавек. Удзельнікі акцыі патрабавалі скасаваньня дэкрэту № 3 пра «дармаедаў», згодна зь якім грамадзяне, якія ня маюць афіцыйнай працы і пры гэтым не стаяць на ўліку ў цэнтры занятасьці, абавязаныя плаціць адмысловы падатак.
Акцыя 26 лютага прайшла мірна, супрацоўнікі праваахоўных органаў ня ўмешваліся, але па яе заканчэньні затрымалі пяць чалавек і склалі на іх пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Двое з затрыманых былі цяпер прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці. Яшчэ двое – школьнікі: імі, імаверна, займаецца камісія па справах непаўналетніх. Лёс яшчэ аднаго, іншагародняга, пакуль нявысьветлены.
Кастусь Дзьвінскі