Леанід Гаравы, актывіст Руху “За Свабоду!”, празь пяць тыдняў атрымаў адказ без аргумэнтаў і довадаў ад Генэральнай пракуратуры на скаргу аб незаконных дзеяньнях Лідзіі Ярмошынай, старшыні Цэнтарвыбаркаму.
У скарзе ён пісаў пра тое, што быў пазбаўлены права назіраць на Гагарынскім участку, а Цэнтарвыбаркам не разгледзеў яго скаргу на рашэньне акруговай камісіі №21 па сутнасьці… Адказ на скаргу, накіраваную ў Генпракуратуру яшчэ 28 верасьня, спадар Гаравы атрымаў 3 лістапада.
У пададзенай скарзе аб незаконных дзеяньнях Лідзіі Ярмошынай актывіст Руху паведамляў пра тое, што яго скарга, накіраваная ў Цэнтарвыбаркам 23 верасьня, была разгледжаная з парушэньнямі патрабаваньняў беларускага заканадаўства.
Сапраўды, 23 верасьня Леанід Гаравы ўпершыню накіраваў скаргу на рашэньне Віцебскай сельскай акруговай камісіі №21 аб разглядзе скаргі на яго выдаленьне з Гагарынскага ўчастку Пятром Прасолавым.
Але Віцебская сельская камісія №21 выявіла “паранармальныя” здольнасьці і скаргу, пададзеную 20 верасьня, пасьпела разгледзіць ранейшым днём – 19 верасьня. Цэнтарвыбаркам пайшоў таксама шляхам нікчэмных прававых дзеяньняў: першапачатковую скаргу назіральніка Гаравога кваліфікаваў як паўторны зварот і спыніў ліставаньне.
Больш як месяц спатрэбілася Рыгору Шостаку, выконваючаму абавязкі начальніка ўпраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Генэральнай пракуратуры, каб напісаць адказ без усялякага аргумэнтаваньня і довадаў. Пры гэтым Рыгор Шостак заблытаўся ў тым, на дзеяньне якой камісіі Леанід Гаравы скардзіўся ў Цэнтарвыбаркам. Мусіць, спадар Шостак дакладна ня ведае, што ў вышэйстаячую камісію, адпаведна выбарчаму заканадаўству, магчыма скардзіцца на рашэньне ніжэйстаячай камісіі – акруговай, і напісаў, што актывіст скардзіўся ў Цэнтарвыбаркам на рашэньне ўчастковай выбарчай камісіі ўчастку для галасаваньня №36.
Пры гэтым супрацоўнік Генпракуратуры ніякім чынам не абгрунтаваў, што адказ старшыні Цэнтарвыбаркаму дадзены ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі беларускага заканадаўства аб зваротах грамадзян і праігнараваў усе аргумэнты і довады актывіста.
Фактычна, склалася сытуацыя, калі ўсе вышэйстаячыя арганізацыі пры разглядзе скаргаў Леаніда Гаравога на незаконнае выдаленьне яго з Гагарынскага участку №36 не разглядаюць іх па сутнасьці, а падаюць абсурдныя адпіскі, якія парушаюць беларускае заканадаўства. А гэта ёсьць сьведчаньне прыярытэту чыноўніцкіх інтарэсаў над агульнадзяржаўнымі.
Гарадок.інфо