11 лістапада ў судзе Першамайскага раёну Віцебску аднавіўся працэс па справе былога намесьніка начальніка ўпраўленьня ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Самуля, які абвінавачваецца ў атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў.
Па справе аб хабарах у ДАІ праходзяць яшчэ два фігуранты - Андрэй Гаўрылёнак і Лявон Аганясян.
Аляксандар Самуль абвінавачваецца ў тым, што ён па дамоўленасьці вызваляў людзей ад прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці. Таксама сьледзтва выявіла факты атрыманьня ўзнагароды - хабараў па 100$, 50$, 15$, бутэлькі каньяку, віскі, прадуктаў харчаваньня, скрынкі цукерак і букету кветак коштам 210 тысяч недамінаваных рублёў. Апроч таго, згодна з матэрыяламі справы, экс-намесьніку начальніка ўпраўленьня ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму памылі і заправілі аўтамабіль без аплаты.
Аляксандар Самуль не прызнаў віны па ніводным з пастаўленых яму ў віну эпізодаў.
Падчас допыту Андрэя Гаўрыленкі абвінавачаны заявіў, што ён дзейнічаў па сьпецыяльным заданьні Ўпраўленьня Камітэту дзяржбясьпекі па Віцебскай вобласьці.
Між тым, Гаўрылёнак ў сваіх паказаньнях ня выкрыў Самуля ў зьдзяйсьненьні супрацьпраўных дзеяньняў. Так, паводле слоў падсуднага, грошы, якія ён атрымліваў ад трэціх асоб для вырашэньня пытаньняў, што знаходзяцца ў кампэтэнцыі Аляксандра Самуля (непрыцягненьне вінаватай асобы да адміністрацыйнай адказнасьці і атрыманьне пасьведчаньняў кіроўцы бяз здачы іспытаў), Гаўрылёнак пакідаў сабе і перадаваць Самулю не зьбіраўся. Абвінавачаны дадаў, што грошы за «падстрахоўку» меў намер вярнуць трэцім асобам.
Андрэй Гаўрылёнак прызнаў сябе вінаватым у хабарніцтве, апроч эпізоду махлярства.
Адзначым, што Аляксандра Самуля не прыйшлі падтрымаць колішнія калегі і сваякі. У залі суду, апроч падсудных, прадстаўнікоў абароны і абвінавачаньня, прысутнічаў толькі бацька падсуднага Лявона Аганясяна і праваабаронца Павал Левінаў. Бацька Аганясяна быў выдалены з залі суду без папярэджаньня толькі за ўхмылку.
У перапынку судовага паседжаньня прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Павал Левінаў распавёў пра тое, што ім праз канцылярыю суду быў пададзены зварот:
- Я перадаў судзьдзі Натальлі Карабліной зварот, у якім зважаецца на парушэньне правоў абвінавачаных. Матэрыялы справы не зьмяшчаюць доказаў таго, што абвінавачаныя могуць схавацца ад суду, перашкодзіць выяўленьню праўды па справе або займацца супрацьпраўнай дзейнасьцю. Абвінавачаныя дастаўляюцца ў суд у кайданках, утрымліваюцца ў залі судовага паседжаньня ў клетцы, што парушае іх права на прэзумпцыю невінаватасьці і на зносіны са сваім абаронцам.
Былі пададзеныя прыклады судовай практыкі. Так, начальнік упраўленьня Дэпартамэнту аховы МУС Рэспублікі Беларусь па Гарадзенскай вобласьці Дзінас Лінкус, якога суд прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за зьбіцьцё свайго падначаленага, пад варту ня браўся - нават у момант набыцьця прысудам законнай моцы. За зьбіцьцё лекара-хірурга Віцебскай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Андрэя Дробыша суд прыгаварыў супрацоўнікаў міліцыі Рамана Шушко і Анатоля Маханькова да чатырох гадоў пазбаўленьня волі, якія пад варту былі ўзятыя толькі на дзясятыя суткі пасьля набыцьця прысудам законнай моцы.
Пры такіх акалічнасьцях я мяркую, што знаходжаньне Аляксандра Самуля, Андрэя Гаўрыленкі і Лявона Аганясяна пад вартай супярэчыць міжнародным забавязаньням і закону Рэспублікі Беларусь. Парушае іхныя правы, не вынікае зь неабходнасьці, а таксама супярэчыць прынцыпам чалавечнасьці і гуманнасьці.
Паводле сьведчаньня знаёмца Самуля, які падышоў да журналіста, жонка падсуднага Самуля мусіла скасаваць шлюб і ўзяць дашлюбнае прозьвішча, каб працягнуць служыць у ДАІ. Ад гэтага шлюбу Самуль мае сямігадовае дзіця.
Судовыя слуханьні па справе пра хабары ў ДАІ працягнуцца. Чакаецца, што ў судзе дапытаюць сьведак, сярод іх будуць і супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Сьвятлана Васільева, vkurier.by