Прафсаюз РЭП прыйшоў у Воршу ў 2008 годзе, калі ў горадзе стварылася «прафсаюзная суполка». У суполку да сёньняшняга дня уваходзіла 14 чалавек, а для стварэньня арганізацыі трэба, як мінімум, 15. Менавіта з мэтай стварэньня прафсаюзнай арганізацыі ў Воршу 5 лістапада прыехаў кіраўнік РЭП Генадзь Фядыніч.
На сход сёньняшніх сябраў прафсаюзу і тых, хто гатовы ў яго ўступіць, сабралася нямала людзей. За адно паседжаньне «прафсаюзная суполка» вырасла з 14 да 35 чалавек. Цяпер можна чакаць, што арганізацыя пачне паўнавартасную працу ў рэгіёне.
Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) быў створаны ў часы перабудовы і хутка стаў адным з найбуйнейшых у краіне – у найлепшыя часы ў яго ўваходзіла больш за 200 000 чалавек. Спрыяла папулярнасьці прафсаюзу тое, што арганізацыя пайшла па нестандартным для таго часу шляху – не вітала на сваіх пасадах пэнсіянэраў-камуністаў, для якіх – па савецкай завядзёнцы – пераход на працу ў прафсаюзныя арганізацыі быў, па сутнасьці, выхадам на заслужаны адпачынак з малой адказнасьцю, затое вялікімі магчымасьцямі.
Менавіта каб быць адрознымі ад іншых, на пасаду старшыні ў свой час быў прапанаваны 32-гадовы Генадзь Фядыніч – самы малады прафсаюзны лідэр таго часу.
З прыходам да ўлады Лукашэнкі, ствараная вэртыкаль улады паспрабавала ўзяць пад кантроль і прафсаюзы. Пачалася доўгая барацьба за выжываньне – РЭП не хацеў стаць «культурна-масавай арганізацыяй пры адміністрацыі прэзыдэнта» (цытата Фядыніча), і яго структуры сталі ліквідавацца кіраўніцтвам прадпрыемстваў. Узнагародай за ліквідацыю прафсаюзных структур дырэктарам абяцалі дзяржаўныя заказы, што, праўда, так і заставалася абяцаньнямі. РЭП агрызаўся – за адзін год арганізацыя дамаглася зьняцьця 12 дырэктараў буйных прадпрыемстваў. Але ніхто не здаваўся.
У 2002 годзе ў прафсаюзе засталося крыху больш за 40 000 чалавек, і да яго ліквідацыі, на думку тых, хто ня здаўся, далучылася сама Фэдэрацыя прафсаюзаў. Канфлікт з ФПБ быў зьвязаны з тым, што напярэдадні візыту прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі працы, кіраўніцтва РЭП ня падпісалася да таго расхвальваньня ўлады, якое рыхтавалі чыноўнікі фэдэрацыі, а планавала выступіць з дакладам аб праблемах з правамі працоўных у краіне.
Выхад з фэдэрацыі разьвязаў рукі прафсаюзу – ён перастаў быць вузкагаліновай арганізацыяй, зьмяніў назву на «Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, аўтамабілебудаваньня, мэталаапрацоўкі, іншых галін народнай гаспадаркі». Цяпер структуры гэтага прафсаюзу могуць стварацца ня толькі паводле галіновага прынцыпу, але і паводле тэрытарыяльнага. Зь іншага боку, выхад з фэдэрацыі даў падставу да яшчэ большага ціску на РЭП з боку ўладаў.
orsha.eu