Віцебскі актывіст Аляксей Гаўруцікаў атрымаў адмову на сваё патрабаваньне пакараць супрацоўнікаў ДАІ і Першамайскага РАУС за незаконныя дзеяньні і ўнясеньне ў пратакол непраўдзівай інфармацыі. Раённы сьледчы камітэт стаў на бок міліцыянтаў, якія сваіх парушэньняў не прызналі.
Падзеі, паводле якіх сьледчы камітэт мусіў праводзіць праверку, адбываліся 30 жніўня. Тады Аляксей Гаўруцікаў і яго сястра Алена Фаміна былі кандыдатамі ў дэпутаты парлямэнту і праводзілі свае агітацыйныя кампаніі. Аляксей Гаўруцікаў вяртаўся зь Менску разам зь сябрам, які кіраваў машынай. Ужо ў Віцебску іх нечакана спынілі супрацоўнікі ДАІ, згадвае актывіст:
“Машыну спынілі нібыта за тое, што не былі ўключаныя фары. Гэта пазьней і запісалі ў пратакол парушэньня правілаў дарожнага руху – што кіроўца ня выканаў умову акцыі “Увага, дзеці”, якая праводзіцца ў пачатку навучальнага году. Але гэта няпраўда – фары былі ўключаныя. А спынілі нас відавочна зь іншай прычыны – каб паглядзець, што ў нас у машыне”.
Факту ўнясеньня ў пратакол непраўдзівай інфармацыі супрацоўнікі ДАІ не прызналі, і з гэтым пагадзіліся ў сьледчым камітэце, куды актывіст зьвярнуўся са скаргай. Не прызналі і факту незаконнага ператрусу, дадае спадар Гаўруцікаў:
“У адмове распачаць крымінальную справу супраць незаконных дзеяньняў супрацоўнікаў ДАІ напісана, што несанкцыянаванага ператрусу не было. Але насамрэч падзеі разьвіваліся так: супрацоўнік ДАІ запатрабаваў, каб у машыне адчынілі багажнік – маўляў, у яго выклікала падазрэньне вялікая колькасьць сумак, і ён вырашыў праверыць, ці ня скрадзеныя гэта рэчы. Рэчы належалі маёй дачцы-студэнтцы, я вёз іх зь Менску дахаты. Давялося нагадаць супрацоўніку ДАІ, што такі ператрус бяз санкцыі пракурора незаконны. І тады нам было загадана ехаць у Першамайскі РАУС. Там дазвол на ператрус нам ужо паказалі”.
Падчас ператрусу былі забраныя відэадыскі зь фільмамі, папка з дакумэнтамі па выбарах, якая належала Алене Фаміной, яе тэлефонны нататнік, і адзін асобнік “Народнай праграмы”, якая належала Аляксею Гаўруцікаву. Актывіст лічыць гэта паказальным: “Забралі якраз тое, што і хацелі знайсьці – нешта датычнае ды выбараў. Празь некалькі дзён, пасьля маіх скаргаў, забраныя рэчы вярнулі. Толькі вось пакараць супрацоўнікаў ДАІ за незаконныя дзеяньні сьледчы камітэт не пагадзіўся”.
Аляксей Гаўруцікаў кажа, што падчас ягонага затрыманьня 30 жніўня было яшчэ адно парушэньне - ужо з боку супрацоўнкаў Першамайскага РАУС. Яны змусілі актывіста і яго сябра знаходзіцца ў пастарунку больш за тры гадзіны, прадугледжаныя заканадаўствам. А. Гаўруцікаў плянуе дамагчыся пакараньня міліцыянтаў, якія парушылі закон.
Праваабарончы цэнтар “Вясна”