Цяпер месца высечкі падобнае да эпіцэнтру барбарскага нашэсьця. Намесьнік начальніка ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласьці Дзьмітры Давыдзенка (на фота – справа) упэўнены: тут высечана нямала добрых дрэваў.
Восень у лесе – гэта вельмі прыгожа. Вось толькі нам зь Дзьмітрыем Давыдзенкам глядзець па бакох няма калі. Дарога, па якой мы цераз густы хваёвы лес прабіраемся да патрэбнай нам дзялянкі, толькі паводле назвы дарога. Глыбіня каляін даходзіць да паўмэтра, а то і больш, з балотцамі і багнамі ў цэнтры. Мой экскурсавод тлумачыць:
– Вось на яе супрацоўнікі лясгасу і скардзіліся, апраўдваючы сваю безгаспадарчасьць: не пасьпелі, маўляў, своечасова ўвесь лес вывезьці. Але ж праблема стаіць нашмат шырэй, – адзначае ён, абяцаючы паказаць яшчэ больш сумную карціну.
Пакуль мы дабіраемся да эпіцэнтру непрывабных падзеяў, я, пераскокваючы, як заяц, з адной узбочыны на другую, рызыкуючы выкупацца, разважаю. Няма сумненьняў, што трасу праклалі лесагаспадарнікі, больш ёю ніхто і не карыстаецца – наперадзе няма вёсак. Выходзіць, што самі ж яны і прывялі яе ў такі стан. Цяпер тут толькі танкі пройдуць. Чаму лясьніцтва ў міжсэзоньне з году ў год плянамерна зьнішчала праезд цяжкай тэхнікай, калі ведала – дарога яшчэ не аднойчы спатрэбіцца? Бо можна ж было расплянаваць работы так, каб пускаць лесавозы па ўжо замерзлай зямлі? Пытаньне без адказу.
А вось і патрэбная лесасека. Не заўважыць яе немагчыма. Складана падабраць словы, каб апісаць убачанае. Паваленыя і кінутыя дрэвы. Расьпілаваныя і не зусім. Непрыбраные гальлё і рэшткі пасечкі. Велізарныя пні, якія сьведчаць пра тое, што тут высякалі не маленькія, сухія і драхлыя, а вялікія моцныя дрэвы. Дзьмітры Давыдзенка ўводзіць у курс справы:
– На гэтым участку плошчай 5,6 гектара была заплянаваная праходная (гэта значыць даглядная) высечка. Вальшчыкі і дрывасекі павінны былі прыбраць хворыя, пацярпелыя ў выніку бураломаў і вываратняў, а таксама недаразьвітыя дрэвы. І, вызваліўшы ўгодзьдзі ад балясту, даць магчымасьць лесу набіраць далейшую сілу. Варта адзначыць, што такія работы фінансуюцца за кошт бюджэту. А продаж атрыманай драўніны часткова кампэнсуе дзяржаўныя выдаткі. У адпаведнасьці з правіламі, вызначаныя і аб'ёмы атрыманьня сыравіны, – знаёміць мяне са звычайнай працэдурай лесагадоўлі прадстаўнік дзяржкантролю.
Далей мне як дылетанту раскрываюць «тэхналёгію», паводле якой тут працавалі спэцыялісты Обальскага лясьніцтва. Як выявілася, яны распрацавалі зваротны парадак дзеяньняў. Навошта марнаваць час на дэталёвую інспэкцыю лясных угодзьдзяў, ацэньваць стан кожнага дрэўца, калі можна заплянаваныя аб'ёмы нарыхтаваць у адным месцы? Так прасьцей і вальшчыкам з дрывасекамі, і тэхніцы, якая траспартуе лес. Дый якой якасьці атрымаеш драўніну з высахлых, хворых ды паваленых дрэваў, колькі заробку налічаць працоўным? Вось і рэзалі мінулагоднім летам тут усё запар, выбіраючы найбольш выгадныя для сябе, а не для прыроды дрэвы. У выніку пасярод дзялянкі засталіся расьці экзэмпляры, якія відавочна падлягаюць высечцы, а іх здаровыя суседзі зьнішчаныя.
– То бок цалкам страчаны сэнс дагляднай высечкі. Замест аховы лесу лясьніцтва выступіла тут у ролі безгаспадарчага нарыхтоўшчыка. Даводзіць да ладу заплянаваныя 5,6 гектара ня сталі, справіліся на плошчы 2,3 гектара. А сёньня, глядзіце, той участак лесу, куды, на шчасьце, не дайшлі рукі «ўпарадкавальнікаў», выглядае нашмат лепшым.
Пасьля праверкі, праведзенай КДК вобласьці, а таксама Дзяржаўнай інспэкцыяй аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце, обальскія лесьнікі ўзяліся выпраўляць тое, што яшчэ можна выправіць. Вось і ў дзень нашага прыезду нетаропка складалі ў кучы даўно высахлае гальлё, частку яго разам зь бярвёнамі кідалі на дарогу – у надзеі, што гэтак тэхніцы прайсьці будзе лягчэй. Бо трэба яшчэ вывезьці тую сыравіну, якая за год не пасьпела згніць. Дарэчы, зьявіліся работнічкі на сваім працоўным месцы ўжо каля поўдня. З улікам маленькай працягласьці восеньскага сьветлавога дня працаваць тут яны будуць максымум гадзіны чатыры, а да лясьніцтва звыш дзясятка кілямэтраў. Вось такі падыход...
– Як так атрымалася, што заробкі вальшчыкам і дрывасекам выплачаныя, а на дзялянцы – бардак? – цікаўлюся ў майстра лесу Васіля Юрчанкі.
– Цяжка сказаць, – муляецца той. – Так, нарады-акты па факце выкананьня работ падпісваў я. Чаму гэтак высечку зрабілі? Не магу адказаць... Цяпер людзі, якія валілі тут лес, зьехалі ў камандзіроўку ў Чэрвень дапамагаць калегам пасьля ўрагану. Таму замест іх працу (аплачаную год таму. – аўт.) дарабляюць іншыя. Гэтая сытуацыя – хутчэй выключэньне.
Такую выснову аспрэчвае Дзьмітры Давыдзенка. Пра выпадковасьць казаць не даводзіцца. У лясьніцтве выяўленыя і іншыя ўчасткі, дзе замест карысьці лесьнікі нанесьлі шкоду прыродзе. Прычым істотную. Мы наведалі яшчэ адну праблемную дзялянку. Тут супрацоўнікі лясьніцтва працавалі два гады таму. Замест 35 зь лішкам належных гектараў «даглядная высечка» праведзеная на трох пятакох. Яны высечаныя практычна ўшчэнт. Почырк той самы: здаровыя дрэвы выбіралі, хворыя і сухастой пакідалі. Дарога да дзялянкі зусім неблагая, але частка нарыхтаванай драўніны таксама гніе ў лесе. Цяпер на аголеных палянах гуляе вецер, які ўжо стаў валіць безабаронныя і дашчэнту прарэджаныя дрэвы.
– Ня лепшае становішча і на сёлетніх дзялянках, – адзначае Дзьмітры Мікалаевіч. – Толькі пад нашым націскам там сталі наводзіць парадак. Выяўленыя факты, калі добрую драўніну, піловачны матэрыял, адразу спрабавалі запісаць у тэхсыравіну. Розьніца ў кошце прыкладна ў тры разы. У выніку церпіць бюджэт. То бок лясьніцтва загадзя завышае стратнасьць работаў. Упэўненыя ў тым, што адразу нарыхтаваную драўніну вывозіць ня будуць, а празь пяць-шэсьць месяцаў яна сама па сабе стане няякаснай. Аналіз паказвае: як мінімум тры гады мясцовыя лесагадоўцы працуюць менавіта паводле такой схемы. Праверка працягваецца, наша справа – высьветліць, якую шкоду нанесла гаспадарчая дзейнасьць Обальскага лясьніцтва дзяржбюджэту, колькі заработнай платы выплачана супрацоўнікам неабгрунтавана. А інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету лічыць шкоду, нанесеную прыродзе. Лік ужо ідзе на сотні тысяч рублёў.
Дарэчы. У апошнія два-тры гады сур'ёзныя парушэньні былі выяўлены таксама ў працы Багушэўскага, Дрэтуньскага, Ушацкага лясгасаў. А надоечы ў Вярхоўным Судзе завяршыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да Пастаўскага лясгасу. Апошні мусіць выплаціць каля 300 тысяч рублёў за незаконную высечку, праведзеную ў заказьніку. Прадстаўнікі лясгасу да апошняга настойвалі: яны нібыта ня ведалі, што дзялянка, якая падлягала высечцы, знаходзіцца на ахоўнай тэрыторыі. У спробах адстаяць гэтую пазыцыю яны абышлі ўсе інстанцыі і змарнавалі на доказ неіснуючай праўды звыш 10 тысяч рублёў.
Камэнтуе Юры Ліпскі, галоўны лясьнічы Віцебскага ДВЛГА:
– Сытуацыя ў Обальскім лясьніцтве нам вядомая. Вінаватыя будуць пакараныя. Дарэчы, апошнімі гадамі мы шмат зрабілі па навядзеньні парадку ў лясных угодзьдзях. Самі ладзім ведамасныя рэвізіі, толькі па іх выніках з пачатку году да адказнасьці за разнастайныя парушэньні ўжо прыцягнулі каля 160 службовых асоб.
Алена Бегунова, respublika.sb.by