Сябар віцебскай гарадзкой арганізацыі КХП БНФ падаваў заяўку на правядзеньне шэсьця і пікету 7 лістапада. “Згодна з рашэньнем гарвыканкаму, мы мусім яшчэ і прыкласьці дамовы на абслугоўваньне імпрэзы з рознымі службамі. Але зрабіць гэта аказалася немагчымым”, - кажа Ян Дзяржаўцаў.
У рашэньні Віцебскага гарвыканкаму, якое рэгулюе правядзеньне масавых акцыяў, гаворыцца пра неабходнасьць дамоваў з мэдыкамі наконт прысутнасьці падчас імпрэзы ўрачоў “хуткай дапамогі”, зь міліцыяй – каб ахоўваць правапарадак на мерапрыемстве, і з прадпрыемствам ЖКГ – каб пасьля акцыі было прыбрана.
Пра канфлікт з апошняй службай і распавёў Ян Дзяржаўцаў: “Мне прыйшоў адказ за подпісам намесьніка генэральнага дырэктара гарадзкога прадпрыемства ЖКГ Ільінца. Маўляў, у нас няма падстаў заключаць з вамі дамову, бо прыборкай той тэрыторыі, дзе плянуецца шэсьце і пікет, займаюцца нанятыя намі іншыя прадпрыемствы – “Гардармост” і “Зеленгас”. Але ў рашэньні гарвыканкаму пазначаная канкрэтная структура – прадпрыемства ЖКГ. І выканаць рашэньне гарвыканкаму практычна не магчыма”.
Прадстаўнікі розных віцебскіх партыяў і рухаў ужо сутыкаліся з гэткай праблемай. Сфармуляваны ў рашэньні гарадзкіх уладаў парадак падачы заявак на масавыя мерапрыемствы сапраўды выканаць немагчыма, бо дамовы трэба заключаць не зь пералічанымі там суб’ектамі гаспадараньня, а зусім зь іншымі. Таму ўжо былі спробы зваротаў у гарвыканкам з прапановай зьмяніць даўняе рашэньне адпаведна наяўнай сытуацыі. Плёну гэта не прынесла: з гарвыканкаму пісалі, што рашэньне ўнесенае ў рэестар дзяржаўных актаў, і зьменам не падлягае.
Ян Дзяржаўцаў лічыць, што застаецца толькі падаць у суд на гарвыканкам за тое, што сваім рашэньнем улады абмяжоўваюць правы грамадзянаў на выказваньне ўласнай палітычнай пазыцыі: “За апошнія гады тры ў Віцебску не дазволілі ніводнай палітычнай акцыі. І не дазволяць, бо атрымліваецца, што маюць на гэта законныя падставы. Фармулёўка парадку падачы заявак на масавыя мерапрыемствы не пакідае нам аніякіх шанцаў. Мяняць яе гарвыканкам ня хоча. Значыць, будзем падаваць на яго ў суд”.
Праваабарончы цэнтар “Вясна”