Гарадоччына папоўнілася яшчэ адной славутасьцю. Ня так даўно паблізу вёскі Ляшкова-Сяло адбылося чарговае ўнікальнае адкрыцьцё – знайшлі валун, які калісьці даўно сюды прынёс ледавік.
Даўжыня каменя складае 5,5 мэтру, вышыня – 2 мэтры. А вось як глыбока велізарная знаходка сядзіць у зямлі – такой інфармацыі пакуль няма.
Па абрысах прыродная глыба нагадвае жывёліну. Якую менавіта – гэта ужо ў каго наколькі фантазіі хопіць: пры ахвоце праглядаецца галава, вялікае вуха, рэльефная сьпіна або зубра, або цюленя, ці буйнога шчанюка нюфаўндленда, які застыў у камені.
Дарэчы, саму знаходку старажытнага валуна выпадковасьцю не назавеш. Яго вырашылі адшукаць праз будаўніцтва пад Смалявічамі кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», кіраўніцтва якога хоча ўсталяваць сымбаль праекту на тэрыторыі самога парку. Ці атрымаецца ў іх увасобіць гэтую ідэю ў жыцьцё – час пакажа.
Паводле слоў кіраўніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкаму Дзьмітрыя Аксючыца, які за час сваіх падарожжаў па Беларусі пабачыў нямала валуноў, гэтая знаходка асаблівая. Па-першае, таму што тут багаты колер каменя: аснова ўяўляе сабой чырвоны мінэрал з украпінамі іншых адценьняў – шэрага і залацістага. Акрамя таго, знойдзены валун большы і цікавейшы, чымся, напрыклад, знакаміты Барысаў камень у Полацку.
Далейшы лёс старажытнага аб'екту пакуль дакладна невядомы. Калі ім зацікавяцца навукоўцы – яго будуць вывучаць. Але ня выключана і такое, што яго ўсталююць на міжнароднай трасе М8.
Фота: garadvest.by