Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў дадзеныя пра сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё абласьцей за восемь месяцаў 2016 году, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы. У параўнаньні зь мінулым годам Віцебшчына аказалася ў мінусе па шмат якіх паказчыках.
Сярод гэтых паказчыкаў: вытворчасьць прадукцыі, намалот збожжа, вытворчасьць яек, рэалізацыя малака – ва ўсім пералічаным вобласьць займае апошнія месцы ў краіне. Адносна добра абстаіць справа з нарыхтоўкай кармоў.
За восем месяцаў гэтага году Віцебшчына здолела вырабіць у сельскай гаспадарцы толькі 88,9% прадукцыі да мінулагодняга ўзроўню. У абсалютных лічбах гэта 1036,3 мільёну рублёў пасьля дэнамінацыі, што складае найменшы ўнёсак ў агульнарэспубліканскую вытворчасьць – 12,3% – ніжэй за Магілёўскую вобласьць.
Камбайнёры вобласьці намалацілі сёлета толькі 783,9 тысячы тон або 57,4% да мінулагодняга ўзроўню без уліку кукурузы, пры ўраджайнасьці 27,6 ц/га.
Толькі па нарыхтоўцы кармоў для грамадзкага пагалоўя Віцебшчына мае трэцяе месца ў краіне пры самым высокім паказчыку нарыхтоўкі кармоў на адну галаву жывёлы 16,7 цэнтнэру кармавых адзінак.
У вытворчасьці малака малочнатаварныя фэрмы Віцебшчыны засталіся на леташнім узроўні, але рэалізацыя малака па вобласьці самая нізкая ў краіне – толькі 89,3% ад вытворчасьці малака.
Між тым па вытворчасьці яек Віцебская вобласьць зазнала самае вялікае падзеньне аб’ёму ў параўнаньні з 2015 годам – да 90,4%, і яшчэ толькі Магілёўская вобласьць знаходзіцца ў мінусе па яйках – 99,4%.
Па рэалізацыі жывёлы і птушкі вобласьць крыху дадала – на 1,6%, і за кошт абвалу на Гомельшчыне на 5,2% апынулася на перадапошнім месцы ў краіне з агульнай вагой рэалізацыі ў 124,9 тысячы тон.
Л. Антонаў, haradok.info