Вядомы віцебскі краязнаўца Мікалай Півавар пачаў збор сродкаў на выданьне даведніка “50 музэяў Віцебску”. Кошт кнігі складае 8 рублёў, а дапамагчы выданьню можа кожны ахвотны праз краўдфандынгавы сайт “Улей”.
У Беларусі пакуль не друкавалася настолькі поўных праваднікоў па гарадзкіх музэях і экспазыцыях. Кожны ахвотны можа стаць удзельнікам першага такога праекту. Гэтая кніга прыдасца як жыхарам Віцебску, так і тым, хто яго наведвае ўпершыню. Яна мае прывабны выгляд, таму будзе цудоўным падарункам на памяць пра абласны цэнтар на поўначы Беларусі.
Дасьледаваньне паўстала пасьля трох гадоў працы гісторыка Мікалая Півавара. Віцебская Ратуша, музэй Марка Шагала ці Цэнтар сучаснага мастацтва добра вядомыя для тубыльцаў і гасьцей гораду, і там былі радыя бачыць дасьледчыка. У іншыя музэі аўтар трапляў з трэцяга разу і толькі пасьля паралельнай праверкі асобы.
Кніга выдаецца ў поўным колеры з аўтарскімі фотаздымкамі і арыгінальнымі ілюстрацыямі ад Анжалікі Гайцюкевіч. Вёрсткай займалася прафэсійная дызайнэрка, арганізатарка фэсту “Барадулінкі” Наста Балотнікава. За карэктаваньне адказвала Настасься Трафімчык – супрацоўніца менскага Музэю Якуба Коласа. Арганізацыя працы адбывалася пры падтрымцы супольнасьці Vitebsk4Me.
Каб дапамагчы праекту “50 музэяў Віцебску” і ахвяраваць грошы на выданьне, трэба наведаць яго старонку на пляцформе “Улей”. Кожны, хто ахвяраваў 8 рублёў, атрымае па пошце кнігу. Таксама прадугледжаныя іншыя падарункі – ад экскурсіі па Віцебску ад аўтара да пэрсанальнай падзякі ў прадмове да выданьня.
news.vitebsk.cc