Праблему зьмяншэньня колькасьці суб’ектаў малога і сярэдняга бізнэсу ўзьнялі на прэс-канфэрэнцыі ў Віцебску. Ініцыятарамі мерапрыемства выступілі Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці і Віцебскі бізнэс-цэнтар. Удзел узялі і прадстаўнікі Віцебскага гарвыканкаму.
Паводле дадзеных Белстату, у 2015 годзе колькасьць малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Беларусі стала меншай, чымся ў 2014 годзе, амаль на 6%. Колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў за той жа пэрыяд зьменшылася больш як на 8 тысяч. Вясною 2016 году яшчэ каля 3 тысяч ІП спынілі сваю дзейнасьць. Агульнарэспубліканская тэндэнцыя праявілася і ў Віцебскай вобласьці.
Юлія Мядзьведзева, начальніца аддзелу зьнешнеэканамічнай дзейнасьці і прадпрымальніцтва ўпраўленьня эканомікі Віцебскага гарвыканкаму, адзначыла, што ва ўмовах, не зусім спрыяльных для бізнэсу, органы ўлады імкнуцца садзейнічаць разьвіцьцю прыватнага сэктару эканомікі. Прынятая Дзяржаўная праграма “Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь” на 2016 – 2020 гады. У жніўні тэма разьвіцьця прадпрымальніцтва разглядалася на спэцыяльным паседжаньні аблвыканкаму. На 2016 год устаноўленыя канкрэтныя плянавыя паказчыкі па колькасьці суб’ектаў малога і сярэдняга бізнэсу на тысячу занятых у эканоміцы. Даведзеныя і паказчыкі па ўдзельнай вазе выручкі ад рэалізацыі тавараў, работаў, паслугаў прыватных суб’ектаў эканомікі ў агульным аб’ёме выручкі. Напрыклад, для Віцебску такі паказчык складае 23%, а для Віцебскага раёну – 38,5%. Асабліва ўражваюць лічбы, заплянаваныя для Шумілінскага і Талачынскага раёнаў: 77,4% і 84,4% адпаведна.
Бізнэсмэн Васіль Ламакін, першы намесьнік старшыні Віцебскага гарадзкога савету па разьвіцьці прадпрымальніцтва, мяркуе, што ўладзе неабходна ўлічваць думкі прадпрымальнікаў пры прыняцьці рашэньняў. Высокія кошты на арэнду, шматлікія ўзгадненьні з вышэйшымі інстанцыямі, частыя зьмены ў заканадаўстве, дадатковыя абцяжарваючыя абавязкі вядуць да таго, што людзі сыходзяць зь бізнэсу.
Дырэктар Віцебскага бізнэс-цэнтру Леанід Шур расказаў пра дзейнасьць сваёй арганізацыі, скіраванай найперш на паглыбленьне ведаў прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў. Трэнінгі па фінансавай пісьменнасьці, рэалізацыя стартап-праектаў, дапамога ў стварэньні бізнэс-пляну і правядзеньні рэклямных кампаніяў – асноўныя накірункі дзейнасьці цэнтру. Цягам найбліжэйшых месяцаў у Віцебску зноў адбудзецца бізнэс-школа. Чакаецца, што яе наведае больш за сто чалавек. Леанід Шур адзначыў, што цэнтар на сёньняшні дзень дзейнічае без дзяржаўнай падтрымкі, а таму значна скарацілася колькасьць ініцыятываў.
Ніна Лук’янава, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці, лічыць, што крызыс – зручны час для дзелавых людзей. І разьлічваць трэба найперш на сябе. А задача бізнэс-асацыяцыяў – павышэньне эканамічнай пісьменнасьці грамадзян, якой на працягу доўгага часу ўвага амаль не надавалася.
Асацыяцыя нядаўна выйграла грант памерам каля 12 тысячаў даляраў, перамогшы ў конкурсе, які праводзіўся Цэнтрам міжнароднага прыватнага прадпрымальніцтва (ЗША). У межах праекту цягам найбліжэйшых месяцаў адбудзецца шэсьць круглых сталоў. Дзеля таго, каб разабрацца ва ўзьнятых праблемах, па выніках будуць праведзеныя трэнінгі з запрашэньнем кансультантаў і прадстаўнікоў улады. Сфармуляваныя прапановы накіруюць у адпаведныя дзяржаўныя органы.
Цікава, што пры Асацыяцыі дзейнічае савет экспэртаў, створаны з дасьведчаных бізнэсмэнаў. Прадпрымальнікі і тыя, хто зьбіраецца імі стаць, могуць атрымаць у іх бясплатную кансультацыю.