ААТ «Віцебскі абласны тэхнагандлёвы цэнтар “Гарант”» і ТДА «Перадавыя тэхналёгіі» Міністэрствам інфармацыі вынесеныя папярэджаньні пра недапушчальнасьць парушэньняў заканадаўства аб СМІ, аўтарскім праве і сумежных правох.
У жніўні 2016 году Мін’інфармам былі праведзеныя чарговыя маніторынгі дзейнасьці апэратараў электрасувязі Віцебскай вобласьці: ААТ «Віцебскі абласны тэхнагандлёвы цэнтар “Гарант”», ТДА «Перадавыя тэхналёгіі» і ТДА «Высокія Тэхналёгіі Плюс».
У выніку былі выяўленыя парушэньні заканадаўства аб СМІ, аўтарскім праве і сумежных правох, у прыватнасьці: невыкананьне шэрагам апэратараў электрасувязі пасьлядоўнасьці (чарговасьці) трансьляцыі тэлепраграм, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадасяжны пакет; ажыцьцяўленьне трансьляцыі замежных тэлепраграм, якія не атрымалі дазволу на распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь; неапавяшчэньне Міністэрства інфармацыі пра пачатак (спыненьне) распаўсюду тэлепраграм.
Парушэньні праверка выявіла ў ААТ «Віцебскі абласны тэхнагандлёвы цэнтар “Гарант”» і ТДА «Перадавыя тэхналёгіі», у сувязі з чым Міністэрствам інфармацыі ім былі вынесеныя пісьмовыя папярэджаньні. У ТДА «Высокія Тэхналёгіі Плюс» парушэньняў не выяўлена, паведамляе прэс-служба Міністэрства інфармацыі.
Паўторнае выяўленьне падобных правапарушэньняў пацягне за сабой адміністрацыйную адказнасьць або выключэньне апэратараў электрасувязі, якія дапусьцілі парушэньне заканадаўства, зь Дзяржаўнага рэестру распаўсюджвальнікаў прадукцыі тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі.
Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc