У Віцебску абласная выбарчая камісія пакінула без задавальненьня ўсе сем скаргаў на адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты. Пра гэта паведаміў старшыня абласной камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Дзьмітры Хома.
У цэлым у рэгіёне было адмоўлена ў рэгістрацыі 21 вылучэнцу (пададзена 86 заяваў, зарэгістравана 65 кандыдатаў). "Сем чалавек зьвярнуліся ў абласную камісію са скаргамі – яны не пагадзіліся з рашэньнямі акруговых камісіяў, якія адмовілі ім у рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты. Абласная камісія разгледзела ўсе 7 скаргаў і пакінула іх без задавальненьня", – адзначыў Дзьмітры Хома.
Пытаньні правамернасьці адмоваў у рэгістрацыі разглядаў і Віцебскі абласны суд. Сюды пасьля рашэньня абласной камісіі па выбарах зьвярнуліся пяць нязгодных вылучэнцаў. "Адбылося пяць паседжаньняў, суд пакінуў у сіле рашэньні абласной і акруговых выбарчых камісіяў, палічыўшы, што меліся ўсе падставы для адмовы ў рэгістрацыі", – сказаў Дзьмітры Хома.
Што тычыцца яшчэ двух вылучэнцаў, якія паскардзіліся ў аблвыбаркам, то яны на працягу некалькіх дзён могуць скарыстацца са свайго права і зьвярнуцца ў суд. "Заявы ў суд могуць падавацца рознымі спосабамі, у тым ліку праз пошту. Сказаць дакладна, ці будуць гэтыя два чалавекі аспрэчваць рашэньні, я не магу", – дадаў старшыня абласной камісіі па выбарах.
У ліку асноўных парушэньняў, якія былі дапушчаныя вылучэнцамі і перашкодзілі ім стаць кандыдатамі, Дзьмітры Хома назваў памылкі ў дэклярацыях. "Усе парушэньні пацьвярджаюцца дакумэнтальна, і таму ў аблсуду не паўстала ніякіх сумневаў у слушнасьці рашэньняў, прынятых выбарчымі камісіямі", – падкрэсьліў ён.
Алёна Ціханава, belta.by