На парлямэнцкіх выбарах па Полацкай гарадзкой акрузе №27 пераабіраецца Натальля Гуйвік, колішняя судзьдзя Полацку. Яна зьвяртае на сябе ўвагу дзякуючы сваёй дэклярацыі аб даходах.
Летась Гуйвік атрымала 289 мільёнаў рублёў – гэта штомесяц па 24 мільёны ($1516). Прыкладна такая ж сума і ў іншых дэпутатаў. Але Гуйвік атрымала па «дамове дарэньня ад фізычнай асобы» яшчэ ажно 307,91 мільёну рублёў. Гэта каля $20 тысяч.
Сярод маёмасьці ў яе застаецца кватэра ў Полацку (56,4 м2), легкавік «Мазда 3» 2012 году выпуску і акцыі «Мастоўдрэва».
Даведка.
Натальля Гуйвік нарадзілася ў 1962 годзе ў горадзе Кіраў (Расея). Скончыла Ўсесаюзны юрыдычны завочны інстытут.
Працавала юрысконсультам у Полацкім вытворчым лесанарыхтоўчым аб'яднаньні, юрысконсультам вайсковай часткі, судзьдзёй суду Полацкага раёну і Полацку, зьяўлялася старшынёй Полацкага гарадзкога Савету дэпутатаў.
Абраньне Гуйвік у палату прадстаўнікоў у 2012 годзе суправаджалася скандалам. Датэрмінова і на месцы жыхарства нібыта прагаласавала больш за 50% (!) удзельнікаў выбараў.
Сям'я Гуйвік – муж Міхаіл і дачка Вольга Аляксандраўна. Муж па адукацыі фізык-пэдагог і ў дадатак падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы. А дачка, паводле слоў дэпутаткі, працавала спэцыялісткай па рэкляме на радыё «Юністар».
nn.by