Вы тут: ГалоўнаяВіцебская вобласьцьСуд разгледзеў скаргу наконт неўключэньня віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава ў склад участковай выбарчай камісіі
Суд разгледзеў скаргу наконт неўключэньня віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава ў склад участковай выбарчай камісіі
На думку праваабаронцы, была парушаная працэдура фармаваньня ўчастковай камісіі, паколькі галасаваньне за яе склад адбывалася сьпісам. Аднак судзьдзя пагадзілася з заявай прадстаўніка Першамайскай адміністрацыі Віцебску пра тое, што пастанова ЦВК, згодна зь якой трэба галасаваць за кожнага кандыдата ў чальцы камісіі асобна, носіць рэкамэндацыйны характар, і пакінула скаргу без задавальненьня.
У вызначаны выбарчым кодэксам тэрмін дзесяць выбаршчыкаў Віцебску зьвярнуліся ў адміністрацыю Першамайскага раёну з просьбай уключыць у склад участковай выбарчай камісіі ўчастку для галасаваньня № 40 праваабаронцу Паўла Левінава. Каб пераканаць чыноўнікаў у прыдатнасьці Паўла Ісаакавіча для працы ў камісіі да заявы была прыкладзеная характарыстыка ад кіраўніцтва рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хэльсынскі Камітэт".
Аднак рашэньнем адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску ад 27 лiпеня 2016 году грамадзянам было адмоўлена ва ўключэньні іх прадстаўніка ў склад згаданай участковай выбарчай камісіі.
Адмова заяўнікамі была ўспрынятая як парушэньне дзейнага заканадаўства. Яны перакананыя, што падчас фарміраваньня выбарчай камісіі ўчастку для галасаваньня № 40 Першамайскага раёну Віцебску пэрсанальнае галасаваньне не праводзілася. Зыходзячы з гэтага, палічылі, што рашэньне адміністрацыі зьяўляецца незаконным і парушае іх права на ўдзел у працы ўчастковай выбарчай камісіі празь іх прадстаўніка.
Каб абараніць свае правы, грамадзяне зьвярнуліся ў суд. Судзьдзя Першамайскага раёну гораду Віцебску Натальля Дасько, якая разглядала скаргу, паспрабавала паглыбіцца ў сутнасьць справы. Уважліва выслухаўшы бакі палітычнага канфлікту, праверыўшы і ацаніўшы прадстаўленыя матэрыялы справы, заслухаўшы довады і пярэчаньні заяўніка і зацікаўленай асобы, меркаваньне пракурора, вырашыла адхіліць скаргу з прычыны яе неабгрунтаванасьці.
Судзьдзя пагадзілася зь меркаваньнем пракурора і юрыста адміністрацыі, што падчас прыняцьця рашэньня адміністрацыяй Першамайскага раёну Віцебску ў частцы фармаваньня ўчастковай выбарчай камісіі ўчастку для галасаваньня № 40 парушэньняў дзейнага выбарчага заканадаўства дапушчана не было, а таму падставаў для прызнаньня яго незаконным, падлеглым скасаваньню ня маецца.
Рашэньне суду зьяўляецца канчатковым, набывае законную моц неадкладна, абскарджаньню або апратэставаньню ў касацыйным парадку не падлягае.
Сваім рашэньнем судзьдзя Дасько пазбавіла праваабаронцу Левінава магчымасьці патрапіць ва ўчастковую камісію і пракантраляваць яе працу, а групу грамадзян – удзельнічаць у дзяржаўных справах праз свайго прадстаўніка.