Сяргей Каваленка ўжо паўмесяца на свабодзе – з жонкай і дзецьмі. У размове з “Дыялёгам” ён распавёў, чаму не давярае беларускай апазыцыі і як зносіцца з электаратам, пазьбягаючы асуджаных на правал электаральных кампаній.
– Ці нацешыўся ўжо троху свабодай?
– Ведаеш, тут такія перажываньні былі. Можна цэлую кнігу напісаць, калі б умеў. Трэба было ўсё-ткі нейкія нататкі рабіць за кратамі…
– Сёньня зь Менску?
– Так, з жонкай езьдзілі забіраць пашпарт у польскае консульства?
– Што? Зьязджаеш?!
– Не, еду ў Брусэль, запрасіў Марэк Мігальскі. Што там будзе такое – пакуль дакладна ня ведаю. Чуў, што круглы стол будзе арганізаваны. Там пабачым.
– Перашкодаў табе не чынілі?
– Мне сказалі ў інспэкцыі, што магу выязджаць куды хачу. Яны, мусіць, сьпяць і мараць, каб я ўжо як найхутчэй куды зьехаў і не вярнуўся. Гэта ж напружвае, калі Каваленка ў Віцебску.Але не дачакаюцца…
– А што, думкі зьехаць з краіны зусім не прходзілі ў галаву?
– Калі выходзіш на волю – дурныя думкі прападаюць і ўсё зноў становіцца на свае месцы.
– Ці пазнавалі цябе мінакі на менскіх вуліцах?
– Не. А ў Віцебску часта пазнаюць, вітаюцца. З сям’ёй былі – хлопец проста ў магазіне закрычаў: “Каваленка Сяргей! Падыходзь без чаргі”. Пазнаёміліся, паразмаўлялі. Калі быўза кратамі, да жонкі падыходзілі незнаёмыя людзі і проста давалі грошы.
– З палітычнага жыцьця сыходзіць не зьбіраешся?
– Не зьбіраюся. У мяне шмат ідэяў. Я бачу, што робіцца з грамадзтвам. Жах! Працягваецца расейская акупацыя. Разбэшчваньне народа вядзецца, спойваньне. Зараз, напрыклад, расейскі рэпер “Guf” прапагандуе наркотыкі і заняпад. А яго аб’яўляюць вельмі таленавітым. Старэйшае пакаленьне яны спаілі, а моладзі падкідваюць наркату. У той жа час шмат беларускіх музыкаў і гуртоў, якія складаюць нашую сапраўдную культуру, не выпускаюць у этэр. Яны забароненыя. Затое нейкія псэўдаскокі ў лапцях, па ціпу народныя. Ідзе замбаваньне! Блатныя песьні. Кабачныя ледзі ды пашкамутаныя мужыкі. Жах! І адны фільмы пра мянтоў круцяць. “Это такіе честные люді” Наглядзеўся я на іх… Ворагі народа – вось хто яны такія.
А што зь Віцебскам зараз? Анічога няма. Адзін “савок”. Косінец прыехаў – усё зрабіў жоўтым ды белым. Ідзеш па горадзе – аж пагана ісьці…
– Працягнеш змаганьне ў шэрагах партыі КХП БНФ ці, як асоба ўжо вядомая, маеш пляны стварыць нейкую асобную палітычную структуру?
– Я лічу, што КХП БНФ – партыя якая ў свой час, на чале з Зянонам Станіслававічам Пазьняком, дабілася незалежнасьці Беларусі. Я зьяўляюся сябрам партыі, то бок партыйным чалавекам. І дагэтуль застаюся ў партыі. Калі ў мяне будуць нейкія праекты, я думаю, яны ня будуць ісьці ў разрэз з маёй партыйнай дзейнасьцю ў КХП БНФ.
Бо менавіта гэтыя людзі стаялі на варце незалежнасьці краіны. Заўсёды было так, нягледзячы на тое, што ім замінаюць і заходнікі не даюць грошай, а даюць іншым партыям, якія асабіста ў мяне выклікаюць вельмі вялікі недавер, бо працуюць толькі за грошы, задавольваючы нейкія свае амбіцыі. А КХП БНФ – гэта адданыя патрыёты, адданыя Радзіме і ідэі.
– Дарэчы, ці сустрэўся ўжо з Барысам Хамайдам?
– Так, падыйшоў, але… размовы не атрымалася.
– Але ён жа ў нейкім сэнсе твой настаўнік…
– Ну, ён мой настаўнік у пачатковай клясе, а далей я ўжо сам дзейнічаў.
– Як ацэньваеш дзейнасьць апазыцыі і, у прыватнасьці, той яе часткі, што ўзяла ўдзел у парлямэнцкіх выбарах?
– Няма ніякай барацьбы! Скажу так: на мой погляд, апазыцыя ўдзельнічае ў піяр-акцыях улады, стварае добры піяр-вобраз Расеі, якая паставіла сюды Лукашэнку і яго падтрымлівае. Задача Расеі – далучыць Беларусь да Расеі. Для гэтага патрэбныя легальны прэзідэнт і легальная “палатка”. Калі яны нелегальныя – далученьне будзе нелігітымным.
Такім чынам, апазыцыя ўдзельнічала ў легітымізацыі Лукашэнкі, заклікаючы людзей ісьці на выбары. А Лукашэнку толькі гэтага і трэба, бо бюлетэні яны лёгка падкінуць. Таму трэба рабіць сапраўдны байкот, каб туды аніхто не хадзіў... І КХП БНФ былі ад пачатку і да канца за байкот. Казаў Пазьняк: ня трэба ўдзельнічаць у праектах маскоўскай Лубянкі. Удзельнічаюць. Іх зьбілі на плошчы, пасаджалі іх паплечнікаў, а яны што?.. Далей удзельнічаюць!
То бок няма нармальнай апазыцыі. Апазыцыю развальвае знутры КДБ. Падстаўныя кіраўнікі… Лукашэнка іх потым ганіць: вот такая-то апазыцыя. Дык гэта ж вашы людзі! Грантавая апазыцыя дапамагае Лукашэнку легітымізавацца. Вось і ўсё.
– Але выбары – адзіны шанец легальных зносінаў з народам, кажуць апазыцыйныя палітыкі…
– Зносінаў? Расказваю пра зносіны. Рабі ўлёткі ды раскідвай! Праз інтэрнэт кантактуй. Праўда, і ў інтэрнэце на сайтах сядзяць спецыяльна абучаныя людзі. Агенты. Нападаюць на нармальных людзей, абражаюць…
– Пачаў працаваць ужо?
– Пакуль адпачываю. Узнаўляю сілы. Раблю сваю кватэру.
– Калі станем свабоднымі?
– Ісусу гэта вядома. Я ня ведаю.