«Калі з 1 ліпеня пойдуць праверкі і канфіскацыі, “іпэшнікі” могуць ізноў забаставаць», – кажа полацкая прадпрымальніца Вольга Шарстабітава.
Вольга Шарстабітава: «Для ўсіх „іпэшнікаў” чэрвень – напружаны месяц, таму што ніхто ня ведае, што будзе пасьля 1 ліпеня. Здаецца, да гэтага часу ўвялі мараторый на праверкі сэртыфікатаў, але ніхто ня можа дакладна сказаць, ці пачнуцца ў ліпені масавыя праверкі».
Карэспандэнт: «Калі будзе менавіта такі сцэнар разьвіцьця падзеі…»
Вольга Шарстабітава: «Хутчэй за ўсё, рэакцыя будзе такая ж, як і раней – у студзені-лютым, калі многія спынілі працу і нават выйшлі на пратэсты. Людзі будуць закрывацца, каб не канфіскавалі тавар. Многія цяпер са страхам чакаюць новых рэпрэсіяў падаткавікоў, але, паўтаруся, ніхто дакладна ня ведае, як будуць разьвівацца падзеі. Адно можна сказаць дакладна – з праверкамі і канфіскацыямі народ працаваць ня будзе. А ў дакумэнтах, якія даюць на тавар у Расеі, на сто адсоткаў ніхто ня ўпэўнены. Таму практычна для кожнага ёсьць рызыка патрапіць пад санкцыі. А гэта – штрафы, страты грошай. Прадпрымальнікі і так цяпер ледзь выжываюць, хто будзе рызыкаваць?»
Карэспандэнт: «У Беларусі плянавалася стварыць гуртавыя базы, на якіх разам з таварам “іпэшнікі” атрымлівалі б увесь пакет неабходных дакумэнтаў. Што чуваць у гэтым кірунку?»
Вольга Шарстабітава: «Я сама там нічога не купляла, але знаёмыя, якія бралі тавар у Беларусі, скардзіліся, што гэта – неканкурэнтаздольная прадукцыя, і цэны вельмі высокія за дакумэнты. Таму набыць там нешта можна, а вось прадаць – вялікая праблема».
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя