18 чэрвеня ў Воршы былі затрыманыя лідэры прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў і Алесь Абрамовіч, якія праводзілі збор подпісаў на мясцовым рынку за скасаваньне прэзыдэнцкага ўказу 222. Як паведаміў Алесь Макаеў, на рынку мелася адбыцца сустрэча з прадпрымальнікамі.
Аднак на месца прыбылі міліцыянты і сілавікі ў цывільным зь відэакамэрамі, а таксама мясцовыя чыноўнікі. Гандляры спалохаліся і разышліся. Падчас размовы з прадпрымальнікамі на іх працоўных месцах, у Алеся Макаева адабраў сумку міліцэйскі чыноўнік.
Макаева і Абрамовіча даставілі ў мясцовы аддзел міліцыі, нібыта для разьбіральніцтва. У выніку на іх склалі пратакол аб паўторным парушэньні парадку правядзеньня масавых акцыяў.
21 траўня ў Жодзіне Абрамовіч і Макаеў ужо затрымліваліся за правядзеньне такой жа акцыі. Тады іх аштрафавалі – Макаева на 10,5, а Абрамовіча на 8,5 мільёнаў рублёў.
Радыё Свабода