14 чэрвеня ў арт-прасторы «Vzar» адкрыўся плякатны варыянт перасоўнай выставы «Жыць ці пісаць. Апавяданьні Варлама Шаламава». У імпрэзе ўзяў удзел кіраўнік праекту, дацэнт факультэту сацыяльнай псыхалёгіі Маскоўскага дзяржаўнага псыхоляга-пэдагагічнага ўнівэрсытэту, кандыдат філязофскіх навук Сяргей Салаўёў.
Падобныя выставы ўжо прайшлі ў Менску, Берасьці, Празе, Парме, Люксэмбургу, Бэрліне, Кіеве, Маскве, Санкт-Пецярбургу. Віцебская выстава адбылася дзякуючы падтрымцы сацыяльна-культурнай арганізацыі «Віцебск для мяне», арт-прасторы «Vzar» і Дому літаратуры Бэрліну. Менавіта ў Бэрліне яна ўпершыню і выстаўлялася ў верасьні мінулага году.
Трэба адзначыць, што цікавасьць нямецкіх літаратараў і чытачоў да творчасьці расейскага пісьменьніка Варлама Шаламава досыць вялікая. На цяперашні момант у Нямеччыне ўжо выдадзена шэсьць тамоў яго твораў, і перакладчыцкая праца працягваецца. І ўся справа ў тым, што тэма памяці ў такіх краінах як Нямеччына, Італія, Гішпанія вельмі запатрабаваная.
Сваю размову зь віцебскай аўдыторыяй Сяргей Салаўёў пачаў з разьвянчаньня міту пра Шаламава як толькі пра аўтара вядомых «Калымскіх апавяданьняў». У сувязі з гэтым ён падкрэсьліў: творчасьць пісьменьніка значна шырэйшая за гэты цыкль.
Разьвіваючы тэму памяці, Сяргей Салаўёў распавёў пра сваю нядаўнюю паездку на Калыму. Прырода амаль паглынула страшныя сьведчаньні сталінскага ГУЛАГу. Цяпер на руінах лягерных пабудоў, дзе памяць і забыцьцё непадзельныя, расьце скрыпень. Паказаная на экране чорна-белая фатаграфія наглядна перадае гэты факт памяці і забыцьця. Праз калымскіх раку перакінутыя тры масты: напаўразбураны драўляны, пабудаваны лягернымі вязьнямі да вайны; закрыты нядаўна бэтонны мост, пабудаваны ў пяцідзесятыя гады; і сучаснае збудаваньне з асфальтавым пакрыцьцём, па якім на вялікай хуткасьці праносяцца машыны. Машыны, уладальнікі і пасажыры якіх зусім не зважаюць на сьведчаньні пакут і мучэньняў мільёнаў людзей, якія прайшлі праз сыстэму лягернага прыніжэньня і зьнішчэньня.
У эсэ Шаламава «Памяць» ёсьць такія радкі: «Як вывесьці закон распаду? Закон супраціву распаду? Як распавесьці пра тое, што толькі рэлігійнікі былі параўнальна трывалай групай? Што партыйцы і людзі інтэлігентных прафэсіяў разбэшчваліся раней за іншых? У чым быў закон? Ці ў фізычнай моцы? Ці ў прысутнасьці якой-небудзь ідэі? Хто гіне раней? Вінаватыя ці невінаватыя? Чаму ў вачох простага народу інтэлігенты лягераў не былі пакутнікамі ідэі? Пра тое, што чалавек чалавеку – воўк і калі гэта бывае. Ля якой апошняй рысы губляецца чалавечае? Як пра ўсё гэта распавесьці?» На думку Салаўёва, гэтыя радкі тлумачаць, чаму былі напісаныя «Калымскія апавяданьні».
Пасьля выхаду зь лягеру перад пісьменьнікам не стаяла дылемы «Жыць ці пісаць», бо пісаць для Шаламава і значыла жыць. Лягерны досьвед нічога нікому не дае, але ён захаваў ў сьвядомасьці пісьменьніка ўсю бездань распаду чалавечай асобіны, даведзенай да мяжы, калі перад вязьнем стаіць толькі адна задача – задача выжываньня любой цаной. Выяўленьне гэтага досьведу сродкамі літаратуры і стала сэнсам яго пасьлялягернага жыцьця.
Як адзначыў Сяргей Салаўёў, усьведамляючы ўвесь маштаб творчай спадчыны Шаламава, створанай пасьля амаль дваццаці гадоў, праведзеных ім у лягерах, пачынаеш схіляцца перад чалавекам, які здолеў стварыць літаратуру гэткага ўзроўню пасьля таго, як на сабе зьведаў усё тое, пра што ён піша.
Паводле слоў Салаўёва, каб уявіць маштабы ГУЛАГу ў сталінскія часы, дастаткова зірнуць на мапу: сетка толькі калымскіх лягероў разьмяшчалася на тэрыторыі, роўнай адной сёмай частцы былога СССР. Толькі ў «Дальстрою» з 1932 па 1953 гады працавала 859 911 зьняволеных, 121 256 зь якіх памерлі ад непасільнай працы, зьдзекаў, голаду, нізкіх тэмператур і хвароб.
Катаваньні, зьдзекі, зьнявагі рэпрэсаваныя грамадзяне зазнавалі ня толькі з боку крымінальнікаў, але – што яшчэ страшней – з боку прадстаўнікоў органаў бясьпекі, сьледчых, лягерных наглядчыкаў і начальства. Дзівіць сваім цынізмам ліст Сталіна 1939 году, у якім ён дае чэкістам права выкарыстоўваць пры допытах катаваньні і рэкамэндуе не караць іх за гэткага кшталту практыку, хоць шырокае выкарыстаньне зьдзекаў і катаваньняў у сыстэме НКУС пачалося раней. Шаламаў не зазнаў на сабе катаваньняў, таму ніколі ня ганіў тых людзей, якія пад узьдзеяньнем гвалту падпісвалі прызнальныя дакумэнты і даносы. Ня ганіў, бо ня ведаў, ці здольны быў сам вытрымаць такія выпрабаваньні, бо фізычна зламаць можна кожнага.
І ўсё ж Шаламаў найперш паэт. Паэт, які не губляў паэтычнага ўспрыманьня рэчаіснасьці нават ва ўмовах, дзе, здавалася б, паэзія і існаваць ня можа. На ўпаковачнай паперы, якая дасталася яму ад ранейшага фельчара, ён піша вершы і адпраўляе іх Барысу Пастарнаку. Вершы дайшлі, і, паводле сьведчаньня літаратуразнаўцы Вячаслава Іванова, паэт іх прачытаў, а на палёх зрабіў паметкі чырвоным алоўкам.
Трэба сказаць, што Варлам Шаламаў за савецкім часам перш за ўсё і быў вядомы як паэт: у яго ў адрозьненьне ад прозы выйшла пяць паэтычных зборнікаў. Праўда, вершы прайшлі жорсткі цэнзурны адбор, а ўсе лягерныя моманты былі з тэкстаў выкінутыя. На першы погляд ён здаецца простым і традыцыйным паэтам, але тым ня менш яго вершы тады не ўсе цалкам разумелі.
Завяршаючы свой выступ, Сяргей Салаўёў адзначыў, што Шаламаў па-ранейшаму застаецца ня проста актуальным, а архіактуальным пісьменьнікам. Бо яго апавяданьні, перш за ўсё, вучаць чалавека, як трымаць сябе ў натоўпе, як захавацца, і як убачыць небясьпеку чалавечай псоты там, дзе, здавалася б, усё зусім нармалёва. Шаламаў паказвае, што антычалавечае быцьцё заўсёды побач з намі, і што мы ад яго не застрахаваныя ні культурай, ні цывілізацыяй, ні спакойным жыцьцём. І мы нямоглыя перад ім, калі яно надыходзіць.
С. Горкі