Паўгода таму распачалася дабрачынная акцыя, накіраваная на збор сродкаў для дапамогі Іне Тышкевіч зь вёскі Ідолта Мёрскага раёну, якую паралізавала пасьля аўтакатастрофы. Вынік: дзякуючы прыстасаваньням, набытым на ахвяраваныя грошы, сёньня Іна Тышкевіч адчувае сябе значна лепш.
Тры гады таму 38-гадовую цяжарную Іну накіравалі на мэдычнае абсьледаваньне ў Віцебск. У клініцы абласнога цэнтру пацьвердзілі нармальнае разьвіцьцё цяжарнасьці. Дадому Іна вярталася разам з мужам і дачкой на легкавіку. Па дарозе сям’я трапіла ў аварыю: сутыкнуліся з грузавой машынай. У выніку атрыманых траўмаў Іна страціла дзіця і засталася паралізаванай. Муж жанчыны і яе дачка-старшакласніца не пацярпелі.
Нягледзячы на цяжкі стан, Іна заўсёды знаходзіць нагоды для радасьці. Яе дачка Яна паступіла ў пэдагагічны каледж у Полацку, захапілася заняткамі ў тэатральным гуртку. Перад Калядамі ў 2015 годзе пра гісторыю Іны расказалі ў сацыяльных сетках, і на сьвята жанчына атрымала паштоўкі і падарункі ад шматлікіх неабыякавых людзей. Пачаліся невялікія станоўчыя зрухі ў стане здароўя.
Але год таму сям’ю зноў напаткала гора. Памёр муж Іны, Валодзя: у яго здарыўся сардэчны прыступ. Іна і Валодзя зналі адно аднаго зь дзяцінства.
Сям’я мужа жыве недалёка. Сьвякроў Ірына дапамагае даглядаць Іну яе маці Натальлі.
Недзе паўгода таму сваякі Іны зьвярнуліся з просьбай па дапамогу: зьявілася неабходнасьць набыць адмысловы ложак, які можа трансфармавацца ў вазок. Патрабавалася больш за 20 мільёнаў беларускіх рублёў. Пра гэта напісалі мясцовыя газэты, аб’явілі калегі з пошты, распавялі ў сацыяльных сетках знаёмыя.
Людзі адгукнуліся на просьбу аб дапамозе. На пачатку 2016 года ложак-трансформэр быў набыты. А да таго ж – адмысловы матрац і падушка. Сабраных грошаў хапіла яшчэ і на фатэль-вазок і пляншэт для Іны.
За паўгода, якія мінулі пасьля дабрачыннай акцыі, стан Іны Тышкевіч заўважна палепшыўся. Жанчына ўжо можа сядзець, вучыцца кіраваць вазком самастойна.
Фота: sputnik.by