Грамадзкія актывісты і праваабаронцы Полацку і Наваполацку правялі ў мінулыя выходныя круглы стол, каб абмеркаваць праблему неадпаведнасьці рашэньня гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах дзейнаму заканадаўству.
Згодна з рашэньнем Наваполацкага гарадзкога выканаўчага камітэту №858 ад 9 верасьня 2011 году, аплата выдаткаў, зьвязаных з аховай грамадзкага парадку, мэдычным абслугоўваньнем, прыборкай тэрыторыі пасьля правядзеньня на ёй масавага мерапрыемства, робіцца арганiзатарам (арганiзатарамi) масавых мерапрыемстваў у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, і копіі дакумэнтаў аб наданьні гэтых паслуг накіроўваюцца ў гарвыканкам адначасова з заявай аб правядзеньні масавага мерапрыемства. Аднак на практыцы ў міліцыі дамову падпісаць немагчыма да атрыманьня дазволу ад гарвыканкаму.
Праваабаронца Зьміцер Салаўёў лічыць гэта не зусім слушным, паколькі заяўнікі і арганізатары масавых мерапрыемстваў не павінны загадзя, да атрыманьня дазволу на правядзеньне мітынгу альбо пікету, аплачваць паслугі па іх ахове, і гэтае рашэньне Наваполацкага гарвыканкаму супярэчыць пункту 5 пастановы Савету Міністраў №207:
“Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган на працягу аднаго дня з моманту рэгістрацыі заявы аб правядзеньні масавага мерапрыемства накіроўвае яго копію ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў (далей – АУС) для разгляду пытаньняў, зьвязаных з аховай грамадзкага парадку і забесьпячэньнем грамадзкай бясьпекі, і выпрацоўкі адпаведных прапаноў”.
Не задавальняе праваабаронцаў і адсутнасьць выбару месцаў для правядзеньня мітынгаў альбо пікетаў. Так, у Наваполацку адзіным пастаянным месцам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў вызначаны гарадзкі парк культуры і адпачынку, які больш нагадвае лес, чымся месца масавага адпачынку.
Удзельнікі круглага стала вырашылі патрабаваць прывядзеньня ў адпаведнасьць зь дзейным заканадаўствам рашэньня мясцовага выканаўчага органу ўлады ў Наваполацку, а затым паспрабаваць гэта зрабіць і ў іншых гарадох. Яны падрыхтавалі і накіравалі ў Наваполацкі гарвыканкам адпаведную заяву аб неабходнасьці ўнясеньня зьменаў у рашэньне ад 9 верасьня 2011 году.
Паводле словаў Зьмітра Салаўёва, раней праваабаронцы дамагліся ўнясеньня падобных зьменаў у мясцовае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у некаторых гарадох, напрыклад, у Берасьці, цяпер паспрабуць гэта зрабіць у іншых месцах.
spring96.org