Мясцовым фондам «Рэгіянальнае партнэрства» сумесна зь Мёрскім раённым выканаўчым камітэтам і Віцебскім абласным цэнтрам маркетынгу ў межах праграмы праекту ЭЗ/ПРААН вядзецца рэалізацыя ініцыятывы малога і сярэдняга бізнэсу з мэтай сацыяльнага і эканамічнага разьвіцьця рэгіёну.
22 красавіка ў заказьніку рэспубліканскага значэньня «Ельня» адбыўся тэматычны сэмінар-трэнінг – своеасаблівая бізнэс-школа, дзе свае ўзнагароды ў выглядзе сэртыфікатаў на кансультацыйную і фінансавую падтрымку атрымалі найлепшыя ў конкурсе прадпрымальнікаў.
Пераможцы:
Сьвятлана Жураўлёва – праект «Адкрыцьцё комплексу міні-гатэляў на базе закінутых будынкаў сядзібы Лапацінскіх у вёсцы Лявонпаль»;
Галіна Паўлоўская – канцэпцыя выкарыстаньня мясцовай гісторыі, народных традыцыяў, рамёстваў і прыроднага патэнцыялу;
Алеся Глебка з ініцыятывай стварэньня аграэкасядзібы як пляцформы для іпатэрапіі, адраджэньня айчынных рамёстваў і традыцыяў, далучэньня моладзі да здаровага ладу жыцьця, спорту і догляду жывёлаў.
Адмысловымі сэртыфікатамі ўганараваныя Віктар Клец, Алена Уткіна, Юры Кураш, Акрамя гэтага, прапанова Сьвятланы Жураўлёвай ўключаная ў буклет пад назвай «Мёрскі раён – тэрыторыя інвестыцыйных праектаў».
Наперадзе ў прадстаўнікоў Міёршчыны – 5-ы міжнародны эканамічны форум. У межах сэмінару, які адбыўся, яны навучыліся правільнай прэзэнтацыі сваіх паслуг на адзінай пляцоўцы «прадавец-пакупнік». І асаблівую значнасьць тут можа набыць любое знаёмства, любы цікавасьць, любая парада.
Як распавёў намесьнік кіраўніка Мёрскага райвыканкаму Аляксандар Баданін, гэты праект зьяўляецца ўнікальным і яго рэалізацыя тут, у рэгіёне, вядзецца ўпершыню. І першы крок ужо зроблены – гэта сэмінар у сярэдняй школе №3. На ўсе пытаньні адказваюць прафэсіяналы сваёй справы. Ад удзельнікаў патрабуецца толькі ахвота. І такая падтрымка сёньня зьяўляецца вельмі важнай, бо працоўны рынак перагружаны.
Вытворчасьць новай прадукцыі і паслуг зьяўляецца пастаянным лякаматывам эканомікі. Колькасьць суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на пачатак 2016 году ў вобласьці – 32,8 тыс., уключаючы 9,2 тыс. юрыдычных асоб і 23,5 тыс. ІП. Увогуле задзейнічаныя ў сэктары каля 142 тыс. чалавек. Зьменаў у структуры працы за мінулыя гады няма: чацьвёртая частка занятая ў гандлі, пятая – у прамысловай сфэры, 13 адсоткаў – у будаўнічай, 8 адсоткаў – у транспарце і сувязі, 7 адсоткаў – у сельскагаспадарчым сэктары. Летась паступленьня ў казну вобласьці ад малога і сярэдняга прадпрымальніцтва склалі каля 4-х трлн. рублёў, а гэта больш за 21 адсотак ад усяго фінансавага аб'ёму. Аднак гэтых грошай мала. У 2015 годзе распачалі працу 134 новыя арганізацыі і 11 вытворчасьцяў, якія ў тым ліку выпускаюць дрот, керамічную плітку, мясную прадукцыю, адзеньне і інш. Летась было створана больш за 1,5 тыс. новых працоўных месцаў. У гэтым годзе мэта – стварыць сама меней 200 прамарганізацыяў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Акрамя таго, у плянах на цяперашняй год – частковы продаж 187 аб'ектаў і здача ў арэнду 44. На аўкцыёнах ўжо звыш 75 аб'ектаў. Цяпер дзяржава знаходзіцца ў актыўным пошуку ініцыятараў.
Паводле слоў начальніка ўпраўленьня разьвіцьця прадпрымальніцтва камітэту эканомікі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандра Трафімава, Мёрскі край стаіць у адным шэрагу з найпрыгажэйшымі рэгіёнамі Віцебшчыны, у яго адметная прырода. І гэтай унікальнасьці, як ён адзначыў, можна знайсьці пісьменны ўжытак ў бізнэсе. Па-першае, у аграэкатурызьме. Напрыклад, у сядзібах, кемпінгах, прыдарожным сэрвісе, бо праз рэгіён ідуць галоўныя трасы на расейскі і летувіскі накірункі.
Што тычыцца юрыдычных асоб і ІП, то Мёршчына ў гэтым пляне менш багатая ў параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі, аднак іх праца вельмі эфэктыўная. Кіраўніцтва ж Мёрскага краю прадпрымальнікам аказвае ўсялякае садзейнічаньне.
І, дарэчы, каб зарабляць, неабавязкова рэгістравацца прадпрымальнікам. Згодна з указам №225 ад 16 траўня 2005 году, ёсьць 20 відаў дзейнасьці, дзе падаткам зьяўляецца толькі рамесны збор у памеры 1 базавай за гадавы пэрыяд (цяпер 1 БВ – 210 тысяч рублёў). Гэтым дакумэнтам дазволены гандаль на кірмашах, у інтэрнэце, на сьвятах. Адзіны падатак, але для кожнага рэгіёну свой, трэба плаціць, калі займацца рэпэтытарствам, працаваць у музычна-забаўляльным абслугоўваньні, рамонце швейных і трыкатажных вырабаў. Аплачваць яго трэба штомесяц. Прыкладам, падатак на рэпэтытарства ў Мёрах складае за месяц 240 тысяч, пабыць тамадой каштуе 690 тысячы (у Віцебску жа стаўка вышэйшая – 1 мільён 150 тысяч). А калі хтосьці не заплаціў і яго заўважылі ў працы, то аплата будзе ўжо пяціразова перавышаць вызначаную стаўку, таксама прадугледжанае пакараньне і адміністрацыйнага характару.
Фота: К. Блажэвіч, mijory.by