Няма лепшага месца на зямлі, чым уласны дом. А калі дома - вайна? Тады межы паміж сучаснасьцю і будучыняй сьціраюцца, і застаецца толькі адно - надзея.
Украіна. Луганская вобласьць, Сьвярдлоўск.
17 чэрвеня 2014 году
...5 гадзін раніцы. Нешта трывожнае і ліпка-дакучлівае скрэбла душу і замінала спаць. Аксана сотню разоў пракручвала ў галаве думку: «Ня можа быць, тут памежная зона! Нас не абстраляюць...» І ў гэты самы момант недзе далёка, разьдзіраючы ранішнюю цішыню і ня пакідаючы каменя на камені ад былой упэўненасьці, прагрымеў выбух. Крыху пазьней сталі чутныя залпы і стрэлы з боку КПП «Далжанскае».
«Гэта на значнай адлегласьці, неўзабаве ўсё спыніцца», - цьвердзіла жанчына мужу Руслану і 16-гадовай дачцэ Оле, якія зьбіраліся на працу і ў школу. Малы двухгадовы Марык спаў і ўсьміхаўся ў сьне. Мінула яшчэ 2 гадзіны. Гукі перастрэлкі сталі яшчэ бліжэй. І тут зусім побач здрыганулася зямля - упалі дзьве ракеты. Як высьветлілася потым, іх аскепкамі сьмяротна параніла дзевяцігадовага суседзкага хлапчука, мужчыну і старога. Аксану, здранцьвелую ад таго, што дзеецца, прыціснуўшую да грудзей дзіця, якое плача, вярнула да рэальнасьці тэлефанаваньне. Муж - горны інжынэр, шахцёр - крычаў у слухаўку: «Бяры дзяцей і бяжы ў склеп! Зараз жа! Паблізу шахт выбухаюць бомбы, ускраіна гораду пад мінамётным агнём, усе работы прыпыненыя. Я еду да вас». Ня памятаючы сябе ад страху, жанчына стала тэлефанаваць дачцэ і маме. На шчасьце, яны былі на сувязі, і ўсе разам адправіліся туды, дзе сям'я Астапенак загадзя абсталявала бамбасховішча, - у вялікі склеп дома бацькоў мужа.
Там былі абсталяваныя спальныя месцы, на паліцах і ў старой лядоўні меўся запас неабходных харчоў і пітной вады. Пры эканоміі гэтага магло б хапіць на месяц. Напагатове былі і сякеры з рыдлёўкамі - на выпадак абвалу. Няўмольна набліжалася ноч, а зь ёй - грымоты навальніцы і бамбёжкі. Неба як быццам разарвалася на часткі і асьляпіла мноствам агнёў: усе пяцёра закладнікаў сытуацыі бачылі адно аднаго, як удзень. Яны бязгучна шапталі малітвы, дарослыя супакойвалі дзяцей і вырашалі, як быць далей. Выснова ва ўсіх напрошвалася адна: уцякаць. Хоць тут, у Сьвярдлоўску, Астапенкі самі, сваёй працай пабудавалі для сябе такое жытло, пра якое заўжды марылі. Прасторная хата, праца па душы, наладжаны побыт.
Сьвярдлоўск - Луганск.
22 чэрвеня 2014 году
Тыдзень прамінуў, бы ў тумане: перамовы са сваякамі з Расеі, Беларусі, Італіі, зборы самога неабходнага. Страх за жыцьцё дзяцей узмацняўся з кожным новым стрэлам, з кожным снарадам, што разарваўся недалёка.
...У маршрутным таксі, акрамя Аксаны і яе дзяцей, было яшчэ сем жанчын. Мужчынам дарогі празь мяжу не было - іх адразу забіралі капаць траншэі. Таму Руслан зь цешчай застаўся ў Сьвярдлоўску. Бласлаўляючы самых дарагіх людзей у дарогу да Беларусі, яны плакалі.
У гэты дзень Луганск бамбілі. Ледзь аўтобус з уцекачамі заехаў у горад, як трапіў пад артабстрэл. Спыніўшыся на ўзбочыне, кіроўца ехаць далей адмовіўся. Зь цяжкасьцю злавіўшы спадарожку, Астапенкі накіраваліся ў бок чыгуначных калеяў. Дабрацца да Кіева - вось што на той момант было найважнейшым. Адгалоскі выбухаў былі чуваць паўсюль, і вакзал уздрыгваў, як ад землятрусу. Такіх напоўненых жахам вачэй дзяцей, якія даўно перасталі плакаць, Аксана ня бачыла нават у тую фатальную ноч з 17 на 18 чэрвеня. А калі нарэшце атрымалася дачакацца цягніка, жанчына зь дзецьмі заскочыла ў першы вагон, які трапіўся. Уздых палёгкі ва ўсіх вырваўся толькі тады, калі цягнік апынуўся далёка за межамі Луганскай вобласьці. І тут Аксану чакала новае ўзрушэньне. Яе дачка Вольга, якая праявіла ў гэтыя страшныя дні неверагодную мужнасьць і вытрымку, пасівела.
Беларусь. Віцебская вобласьць, Ворша.
27 чэрвеня 2014 году
...6 гадзін раніцы. Яна расплюшчыла вочы і прыслухалася. Толькі птушкі сьпяваюць за акном, побач мірна сапуць дзеці, і першыя сонечныя прамяні прабіваюцца скрозь фіранкі. «І зоры тут ціхія, і неба такое яснае!» - падумала Аксана і клапатліва накрыла Марка пледам. Жанчына была спакойная. Упершыню за апошнія тыдні. Мінуўся Кіеў, дзе сваякі дапамаглі хутка аформіць неабходныя дакумэнты на выезд за мяжу, мінулася вайна. Вось толькі муж застаўся там, за рысай страху, і мама.
Першы дзень у сваякоў па лініі бацькі Аксаны пачаўся з працяглага сьняданку. Бо столькі ўсяго трэба было распавесьці адно аднаму, паплакаць разам і, змахнуўшы сьлязу, будаваць пляны на будучыню. Якім яно будзе, новае жыцьцё? Жанчына ня ведала. Аднак цёплыя словы і шчырая падтрымка беларускай сям'і ўсялялі надзею. Віктар і Натальля Бохан зь дзецьмі самі туліліся ў аднапакаёвай кватэры, але нягледзячы на гэта, прапанавалі прытулак украінскім сваякам. «Я ні для кога ня стану цяжарам», - цьвёрда вырашыла тады Аксана. І ў гэты самы дзень з усімі дакумэнтамі на рукох адправілася спачатку ў Аршанскі райвыканкам, а потым - па арганізацыях і прадпрыемствах гораду. Зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі па спэцыяльнасьцях «Інжынэр-цеплатэхнік», «Настаўнік інфарматыкі і матэматыкі», вялікім досьведам працы жанчына спадзявалася, што месца для яе знойдзецца. І задумала: калі ўсё складзецца ўдала, сям'я застанецца ў Беларусі. Калі не - паедуць шукаць лепшай долі... І дзякуючы неабыякавасьці беларусаў і міграцыйнай палітыцы дзяржавы ўсе надзеі на шчасьце ў Сінявокай спраўдзіліся.
У бядзе не пакінулі
Усяго за некалькі дзён знаходжаньня ў Воршы Аксана зразумела: яна і яе сям'я тут не чужыя. Жанчына зь нецярплівасьцю чакала першага працоўнага дня ў якасьці выхавальніцы ў гарадзкім дзіцячым садку №1, куды ўладкавалі і маленькага Марка. А Вольга пайшла ў 10-ы кляс СШ №19. Астапенкам найбліжэйшымі тыднямі паабяцалі даць пакой у інтэрнаце. А галоўнае, ад чаго душа замірала ў добрым прадчуваньні, - вестка пра хуткі прыезд кіраўніка сям'і. Чарговая спроба прарвацца празь мяжу ўвянчалася посьпехам - яе адчынілі літаральна на 20 хвілін, і машына Руслана пасьпела праскочыць разам з аўто некаторых іншых шчасьліўчыкаў. Мужчына ехаў праз Расею і за 21 гадзіну бяз сну, адпачынку і навігатара пераадолеў адлегласьць у 1,5 тысячы кілямэтраў! Гэткім вялікім было жаданьне як найхутчэй прыціснуць да грудзей самых дарагіх і блізкіх людзей. «Пад'яжджаючы да Аршанскага раёну, я нагэтулькі востра адчуваў, што яны недзе тут, зусім побач, што ні разу ня зьбіўся з дарогі - як быццам нябачная рука мяне вяла ўвесь гэты час, - прызнаецца Руслан. - Не перадаць словамі тое імгненьне, калі пасьля расстаньня працягласьцю ў паўтара месяца я ўбачыў сваю сям'ю - шчасьлівую, поўную плянаў і спадзяваньняў!»
І вось яны зноў разам і, як 20 гадоў таму, пачынаюць усё з чыстага аркушу...
Цяпер сям'я Астапенок жыве ў добраўпарадкаваным інтэрнаце - цёплым і камфортным. Дачка Вольга стала студэнткай Магілёўскага ўнівэрсытэту, вучыцца на факультэце інфарматыкі і матэматыкі. Руслан працуе кіроўцам на Аршанскім хлебазаводзе і з удзячнасьцю адгукаецца пра калектыў і кіраўніка. «Я і не спадзяваўся, - кажа мужчына, - што людзі могуць быць такімі спагаднымі да чужога гора. Калі захварэў Марк (у хлопчыка празь перамену клімату пачаліся сур'ёзныя праблемы з ныркамі. - заўв. аўт.) і Аксана трапіла зь ім у абласны шпіталь на 2 месяцы, я толькі ўладкаваўся на завод. Грошай зусім не было, я наважыўся папрасіць аванс, асабліва ні на што не спадзеючыся. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі наступнага ж дня выдзелілі матэрыяльную дапамогу на лекаваньне сына». Дапамаглі выжыць і ўладкавацца Астапенкам ў нялёгкія часы і іншыя беларускія сваякі - сем'і Хуцкіх, Рабекіных. Цяпер Аксана з Русланам маюць нават маленькае лецішча з участкам - у вёсцы Нарэйкава. Праца на зямлі, свае прадукты - гэта тое, без чаго яны ня могуць абысьціся. «Нават маючы добры дастатак, мы ніколі не сядзелі без справы, - прызнаецца Аксана. - А тым больш не прывыклі прасіць дапамогі і спадзявацца, што хто-небудзь што-небудзь зробіць за нас. Так, цяжка было спачатку абжывацца. Але гэта не вайна. І за тое, што зроблена для нас, вялікі дзякуй!»
Вольга Лебедзева, Витебские вести