У нядзелю, 28 лютага, у Віцебску адбылася справаздачна-выбарная канфэрэнцыя абласной арганізацыі партыі БНФ. Партыйцы выбралі новы склад абласной рады. Яе новым старшынём стаў Кастусь Смолікаў, кандыдатуру якога сябры рады падтрымалі адзінагалосна.
Справаздача цяпер ужо былога кіраўніка абласной арганізацыі БНФ была самакрытычнай. Леанід Аўтухоў прызнаўся, што пераацаніў свае магчымасьці і ў сфэры ўнутрыпартыйнага будаўніцтва, і ў здольнасьці ўплываць на працэсы, што адбываюцца ў беларускім грамадзтве.
Паводле словаў Аўтухова, не спрыяла актывізацыі партыйнага жыцьця і пазыцыя ўлады, якая ня толькі не стварае ўмоваў для паўнавартаснага палітычнага працэсу, але і абмяжоўвае любыя заўважныя партыйныя ініцыятывы. Праца ў гэткіх умовах вымагае ад кіраўніка рады не абы якіх здольнасьцяў і моцы. Колішні абласны кіраўнік упэўнены: адзінае, што на сёньняшні дзень абуджае рэгіянальныя партыйныя структуры – гэта выбары. Удзельнічаць у выбарах трэба абавязкова, бо палітычныя партыі дзеля таго і ствараюцца, дзеля таго і існуюць.
Як распавёў прадстаўнік Аршаншчыны Ігар Казьмярчак, прэзыдэнцкая кампанія 2015 году спрыяла прытоку новых сяброў у Аршанскую раённую арганізацыю. Паўстала ў Воршы і пытаньне пра стварэньне суполкі «Маладога Фронту». Аршанцаў хвалюе актывізацыя ў горадзе прадстаўнікоў розных прарасейскіх арганізацыяў, на дзеяньні якіх трэба шукаць адэкватныя супрацьдзеяньні. Цяпер маюцца два патэнцыйныя кандыдаты ад Воршы і Талачына, якія гатовыя паспрачацца за дэпутацкія мандаты на сёлетніх выбарах у парлямэнт. Ігар Казьмярчак параіў абласной арганізацыі БНФ увесьці пасаду крэатыўнага прэс-сакратара, бо, як ён адзначыў, бяз працы ў інфармацыйнай прасторы немагчыма ўявіць эфэктыўнага партыйнага існаваньня.
Уладзімер Кунцэвіч з Наваполацку зьвярнуў увагу прысутных на тое, што найгалоўнейшая задача сёньняшняга часу – захаваньне існуючых партыйных структураў, вакол якіх пры спрыяльных умовах маглі б згуртавацца людзі, незаангажаваныя ў палітыку.
Віцябчук Хрыстафор Жаляпаў прапанаваў зьвярнуцца да кіраўнікоў абласнога КДБ, МУС і старшыні аблвыканкаму з пытаньнем: «Чаму за дзяржаўныя грошы ў раённым цэнтры Сянно кіраўнік спартовага дзіцячага клюбу «Спарта» Алег Шумкоў (былы маёр савецкай арміі) бесперашкодна прапагандуе ідэі «рускага сьвету», выхоўвае будучых патрыётаў Расеі?»
Як адзначыў новы кіраўнік абласной рады Кастусь Смолікаў, галоўнай задачай гэтага году ёсьць шырокае вылучэньне кандыдатаў ад партыі БНФ і годнае правядзеньне выбарчай парлямэнцкай кампаніі. Найперш, неабходна падрыхтаваць кандыдатаў для вылучэньня ў найбуйнейшых гарадох і раённых цэнтрах вобласьці: Віцебску, Полацку, Наваполацку, Воршы...
На думку Смолікава, сёлета абставіны вымагаюць ад кіраўніцтва рады заахвочваць да ўдзелу ў выбарчым працэсе шараговых партыйцаў. Трэба патрабаваць ад кожнага сябра БНФ прытрымлівацца партыйнай дысцыпліны і браць на сябе адказнасьць за пэўны кавалак працы:за назіраньне, збор подпісаў, агітацыю, або за нешта іншае. Са свайго боку новы абласны кіраўнік паабяцаў спрыяць актывізацыі партыйнай дзейнасьці ў выбарчы пэрыяд.
С. Горкі