Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь сваім рашэньнем ад 15 студзеня 2016 году пакінула ў сіле вырак Віцебскага абласнога суду ад 30 кастрычніка 2015 году адносна 55-гадовага кіроўцы з Талачына Дзьмітрыя Голубева, які быў прызнаны вінаватым у забойстве старшага дзяржінспэктара Аршанскай міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Генадзя Раўкова.
Такім чынам, пададзеную Голубевым касацыйную скаргу і касацыйны пратэст дзяржаўнага абвінаваўцы найвышэйшы судовы орган краіны пакінуў без задавальненьня.
Як паведамлялася раней, Дзьмітры Голубеў згодна з пунктам 10 часткі 2 артыкулу 139 КК быў асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня, а паводле часткі 2 артыкулу 295 КК атрымаў тры гады пазбаўленьня волі без канфіскацыі маёмасьці. На падставе часткі 4 артыкулу 72 КК па сукупнасьці зьдзейсьненых злачынстваў, шляхам паглынаньня менш строгага пакараньня больш строгім, абвінавачанаму была прызначаная выключная мера пакараньня – пажыцьцёвае зьняволеньне ў папраўчай калёніі асаблівага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці.
Нагадаем, 11 красавіка 2015 году Генадзь Раўкоў праводзіў кантрольныя мерапрыемствы па выяўленьні і спыненьні парушэньняў прыродаахоўнага заканадаўства. Недалёка ад вёскі Петрашы Талачынскага раёну заўважыў мужчыну з паляўнічай стрэльбай, падрыхтаванай для выкарыстаньня. Старшы дзяржінспэктар спыніў паляўнічага і запатрабаваў ад яго прад'явіць неабходныя для паляваньня дакумэнты. Паміж Голубевым і Раўковым адбыўся канфлікт, у выніку якога з паляўнічай зброі затрыманага інспэктар быў ранены ва ўпор ды ў хуткім часе памёр на месцы здарэньня. Пасьля інцыдэнту Голубеў пакінуў месца злачынства і прыняў меры да ўтойваньня прылады забойства.