У межах маніторынгу ўмоў утрыманьня і абыходжаньня з адміністрацыйна затрыманымі і арыштаванымі ў ізалятарах часовага ўтрыманьня праваабаронца Павал Левінаў наведаў начальніка ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкаму палкоўніка міліцыі Марозава Андрэя Мікалаевіча.
Зьвяртаючыся да начальніка ІЧУ, праваабаронца хацеў атрымаць інфармацыю пра рэальныя ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары часовага ўтрыманьня УУС Віцебскага аблвыканкаму і адпаведнасьці іх заканадаўству.
«На ўсе пытаньні наконт месца ўтрыманьня адміністрацыйна затрыманых і адміністрацыйна арыштаваных, а таксама ўмоў іх утрыманьня начальнік ІЧУ адказваў: «Без камэнтароў!» На пытаньне: чым вы можаце патлумачыць, што асобы, якія пабывалі ў ІЧУ, кажуць пра парушэньні іх правоў, начальнік ІЧУ адказаў: агаворваюць», – паведаміў Павал Левінаў.
Падчас наведваньня ўстановы праваабаронца перадаў начальніку ІЧУ брашуры з тэкстам Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і Міжнароднымі стандартамі па правох чалавека, якія датычацца праваахоўнай дзейнасьці (кішэнны даведнік па правох чалавека для супрацоўнікаў праваахоўных органаў).
Варта адзначыць, што гэта ня першы выпадак, калі праваабаронца не атрымаў адказы на свае пытаньні:
«Я пісьмова зьвярнуўся да начальнікаў ІЧУ пры УУС Віцебскага аблвыканкаму, пры АУС Бешанковіцкага раёну, пры АУС Шумілінскага раёну, пры АУС Шаркоўшчынскага раёну, пры АУС Чашніцкага раёну, пры АУС Ушацкага раёну, пры АУС Талачынскага раёну, пры АУС Сеньненскага раёну, пры АУС Пастаўскага раёну, пры АУС Аршанскага раёну, пры АУС Мёрскага раёну, пры АУС Докшыцкага раёну, пры АУС Гарадоцкага раёну, пры АУС Глыбоцкага раёну, пры АУС Верхнядзьвінскага раёну, пры АУС Браслаўскага раёну, пры АУС Лепельскага раёну і Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў Наваполацкага ГАУС. У сваіх зваротах я прасіў даць інфармацыю пра бытавое забесьпячэньне ІЧУ і абыходжаньне з адміністрацыйна затрыманымі і арыштаванымі.
Зь ніводнага РАУС адказ па сутнасьці не паступіў. Большасьць начальнікаў РАУС паведамілі, што запытаныя мною зьвесткі належаць да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюду і ня могуць быць мне дадзеныя. Начальнік Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў Наваполацкага ГАУС наогул праігнараваў запыт пра даваньне інфармацыі», – распавёў праваабаронца.
Павал Левінаў таксама накіраваў звароты ў пракуратуры ўсіх раёнаў Віцебскай вобласьці для таго, каб даведацца пра дату правядзеньня апошняй пракурорскай праверкі на прадмет захаваньня правоў і свабод адміністрацыйна затрыманых і адміністрацыйна арыштаваных асоб, якiя ўтрымлiваюцца ў ізалятарах часовага ўтрыманьня.
«Усе пракуроры, як і міліцыянты, спаслаліся на сакрэтнасьць запытаных зьвестак. Такім чынам, атрымаць інфармацыю ад дзяржаўных органаў, рэалізуючы сваё права, гарантаванае арт. 34 Канстытуцыі і п. 2 арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, немагчыма», – лічыць праваабаронца.
protivpytok.org