У Полацку ў будынку суду ідзе рамонт. Новая шыльда на фасадзе суду Полацкага раёну і гораду Полацку зь ліпеня 2015 году падкрэсьлівае веліч «Палаца правасудзьдзя». Будынак новай канструкцыі мае пандус для наведваньня суду грамадзянамі з абмежаванымі магчымасьцямі (вазочнікамі), што таксама сьведчыць пра разуменьне праблемы безбар'ернага асяродзьдзя. Аднак доўгае знаходжаньне ў судзе інвалідаў не прадугледжанае.
У судзе папросту адсутнічае туалет для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Адзіны туалет для наведвальнікаў знаходзіцца ў падвальным паверсе суду, куды трэба спускацца па шырокіх лесьвічных пралётах, што інваліды-вазочнікі зрабіць самастойна ня могуць. На першым і другім паверхах прыбіральні для наведвальнікаў не прадугледжаныя, толькі для работнікаў суду.
Туалет для наведвальнікаў выглядае настолькі гнятліва, што выклікае ў наведвальнікаў іранічную асацыяцыю з усёй судовай сыстэмай Беларусі. Вельмі сьціпла выглядае мужчынская прыбіральня, што знаходзіцца ў цокальная-падвальным памяшканьні, куды інваліду-вазочніку дабрацца фактычна не магчыма. У прыбіральні не працуе вэнтыляцыя, і доўгае знаходжаньне там можа выклікаць лёгкае атручваньне.
Старшыня суду Калесьнік Ігар Віктаравіч паведаміў, што грошы на рамонт вылучае абласны суд, і прыходзяць яны паступова. Прадугледжаны рамонт усіх памяшканьняў суду. Цяпер ужо адрамантаваныя вонкавыя сьцены і дах будынкк, ідзе рамонт габінэтаў.
Жыхары Полацку асьцерагаюцца, што сродкі на рамонт скончацца, і да прыбіральні чарга ня дойдзе. Таму ў кнігу заўвагаў і прапановаў суду мясцовыя грамадзянскія актывісты зрабілі запіс зь дзьвюма прапановамі. Першая іх прапанова - аб пераабсталяваньні прыбіральні на першым паверсе, каб ёй маглі карыстацца наведвальнікі з абмежаванымі магчымасьцямі. Другая - аб прыярытэтным рамонце туалету для наведвальнікаў з аснашчэньнем яго вэнтыляцыяй.
У Полацкім раёне з 2009 года цэнтрам сацыяльнай абароны насельніцтва выдадзена 297 інвалідных вазкоў. Іх атрымалі грамадзяне з абмежаванымі магчымасьцямі для перамяшчэньня. У судзе Полацкага раёну працуюць усяго 53 работнікі, зь іх 13 судзьдзяў.
За адзінаццаць месяцаў мінулага году, паводле паведамленьня старшыні полацкага суду Ігара Калесьніка, разгледжана 536 крымінальных, 2312 грамадзянскіх спраў, а таксама 2992 адміністрацыйныя справы. Суд Полацкага раёну лічыцца адным з найбуйнейшых судоў Віцебскай вобласьці. Атрымліваецца, у сярэднім кожны судзьдзя разглядае па сорак спраў у месяц. У судзе ўведзеная спэцыялізацыя судзьдзяў, частка іх разглядае толькі грамадзянскія справы, ёсьць агульныя судзьдзі, іншыя разглядаюць толькі крымінальныя або адміністрацыйныя справы.
Аляксандар Марозаў