У асноўны дзень галасаваньня на выбарах–2015 шэраг журналістаў і грамадзкіх актывістаў зь Беларусі і Ўкраіны зладзілі пікет ля амбасады Беларусі ў Чэхіі, пратэстуючы супраць фальшаваньня выбараў і чарговага “пераабраньня” Аляксандра Лукашэнкі на новы прэзыдэнцкі тэрмін. Сярод удзельнікаў пікету быў незалежны журналіст зь Віцебску Кастусь Мардзьвінцаў.
Распавядае Кастусь Мардзьвінцаў: “Гэта была цалкам мірная акцыя. Мы стаялі з плякатамі на беларускай, украінскай і ангельскай мовах ля амбасады. Мясцовая паліцыя за ўсім назірала, знаходзячыся на адлегласьці, але не замінала. Празь некаторы час адзін з паліцыянтаў пацікавіўся ва ўдзельнікаў акцыі зьместам надпісаў на плякатах, папрасіў гэтыя тэксты перакласьці для яго. І тут з абмасады выйшаў нейкі яе супрацоўнік…”
Віцебскі журналист працягвае: “Гэты чалавек, які не прадставіўся, заявіў, што мы нібыта перашкаджаем руху людзей па ходніках ля абмасады і ўдзелу беларускіх грамадзян у выбарах - хаця за паўгадзіны, што мы стаялі, там прайшоў толькі адзін чалавек. Была, праўла, цікавасьць да нашай акцыі з боку кіроўцаў і пасажыраў транспарту, што праяжджаў міма, але наўрад ці мы ім неяк маглі перашкодзіць, не знаходзячыся на праезнай частцы. Супрацоўнік амбасады быў яўна не адэкватны, Бо пачаў пагражаць удзельнікам акцыі нейкай дэпартацыяй. Казаў, што ўсе будуць прыцягнуітыя да адказнасьці. І патрабаваў сысьці”.
Віцебская вясна