Гэта ўжо чацьверты выпуск штогодніка «Шэрая кніга. Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне». Апроч публікацыі друкаванага выданьня, аўтары кнігі разьмясьцілі ў інтэрнэце яе электронную вэрсію, якую можа спампаваць кожны ахвотны.
Як адзначаюць у прадмове да кнігі яе ўкладальнікі, «цягам ліпеня 2014 г. – чэрвеня 2015 г. (менавіта гэтаму часаваму інтэрвалу прысьвечаны выпуск) сытуацыя з правамі чалавека ў Віцебскім рэгіёне, як і ў краіне ў цэлым, істотна не зьмянілася ў параўнаньні з ранейшым пэрыядам». Тым ня менш, у параўнаньні з выпускам, які быў выдадзены год таму, аб'ём кнігі павялічыўся ў паўтара разы, што можа сьведчыць пра тое, што правы чалавека ў рэгіёне, імаверна, усё-такі сталі парушацца часьцей.
Кніга складзеная на падставе публікацыяў, разьмешчаных на праваабарончых сайтах, а таксама артыкулаў, апублікаваных іншымі інтэрнэт-рэсурсамі. Усе матэрыялы выданьня разьбітыя на дванаццаць разьдзелаў.
Апроч інфармацыі пра ўласна парушэньні правоў чалавека, як грамадзянскіх і палітычных, гэтак і сацыяльных, эканамічных ды культурных, складальнікі кнігі таксама падаюць зьвесткі пра маніторынг судовых працэсаў, паведамляюць пра грамадзянскія ініцыятывы і акцыі, асьвятляюць дзейнасьць праваабаронцаў па адстойваньні грамадзкіх інтарэсаў. Асобны разьдзел прысьвечаны зваротам жыхароў Віцебшчыны ў Камітэт ААН па правох чалавека.
Віцебская вясна