Каардынатар кампаніі «Гавары праўду» ў Віцебску Сяргей Парсюкевіч падаў сёньня ў Віцебскі гарвыканкам і гарсавет чатыры калектыўных звароты грамадзян з настойлівымі просьбамі аб вырашэньні надзённых праблем.
Нагадаем, у канцы жніўня акруговая камісія не зарэгістравала Сяргея Парсюкевіча ў якасці кандыдата, забракаваўшы подпісы выбаршчыкаў. Цяпер ён прадставіў на разгляд дзейным дэпутатам гарадзкога савету і чыноўнікам гарвыканкаму калектыўныя звароты, пад якімі падпісаліся 600 віцяблян. Гэтыя подпісы – не збракуеш.
Як прызнаўся Сяргей, праблемы, аб якіх ідзе гаворка ў калектыўных зваротах, упершыню былі агучаны людзьмі якраз падчас кампаніі па збору подпісаў для вылучэньня ў якасьці кандыдата.
У пададзеных зваротах людзі просяць «прадстаўнікоў народа» зрабіць рамонт пад'язной дарогі, якая вядзе ад Маскоўскага прасьпекту да дома № 61 корпус 4 па вуліцы Праўды ў Віцебску, разабрацца з жаласнай сытуацыяй, у якой апынуўся дом № 103 корп.1 па вуліцы Лазо і бліжэйшым ад яго прыпынкам грамадзкага транспарту. Акрамя таго, просяць прывесьці ў парадак дарогу, якая вядзе ад прасьпекта Люднікава да дома № 22 корп. 3 па прасьпекце Фрунзэ.
Лесьвіца ў нікуды...
Гэтага ж дома тычыцца і яшчэ адна праблема. Каб прайсьці ад дому да прыпынку «Мэдунівэрсытэт» на прасьпекце Фрунзэ, трэба падняцца па досыць доўгай лесьвіцы. Але падняцца па ёй вельмі праблематычна. А зімой - і зусім рызыкоўна для жыцьця. Спускацца – тым больш.
Лесьвіцу гэтую не рамантавалі, мабыць, з часоў Савецкага Саюзу. А ліхтароў тут не было аніколі. Затое пасьля шматлікіх лістоў і скаргаў жыхароў, якія рэгулярна накіроўваліся ў розныя інстанцыі, збудавалі новую лесьвіцу - шырокую, зь ліхтаром, выкладзеную «моднай» пліткай. Але…
Але парадокс у тым, што вядзе гэтая прыгажуня, па сутнасці, у нікуды, таму ёю мала хто карыстаецца. Людзі па-ранейшаму пераадольваюць старую лесьвіцу. Ні парэнчаў, ні пандусаў. Па расказах жыхароў, ці не кожныя паўгода пажылыя людзі ламаюць на ёй рукі і рэбры.
Па новай лесьвіцы амаль ніхто ня ходзіць...
Пэнсіянэр, які акуратна спускаўся па старой лесьвіцы з дзьвюма авоськамі ў руках, растлумачыў аўтару гэтых радкоў, што раён гэты ў народзе называюць «ямай» і што праблема з лесьвіцай насамрэч надзённая:
«Тут людзі вельмі шмат падаюць. І ліхтар далёка. Цёмна. Асвятленьне толькі на той, новай, лесьвіцы. Колькі пісалі, казалі – толькі той бок адрамантавалі. Але там зусім рэдка ходзяць. Усе – па гэтай. Я сам падаў тут, сьцягно ударыў, месяц хадзіць потым не мог...»
Дзядуля быў упэўнены, што і перад будучымі выбарамі ўсё застанецца ў «яме» па-ранейшаму. «Якія дэпутаты? Няма за каго галасаваць, няма!» – падзяліўся сваім адчаем пэнсіянэр і з надзеяй паглядзеў на прадстаўніка кампаніі «Гавары праўду».
І перад будучымі выбарамі ўсё застанецца ў «яме» па-ранейшаму...
У сваю чаргу, Сяргей Парсюкевіч прызнаўся «Дыялёгу»: «Увогуле, мне здаецца, што я выконваю абавязкі дэпутата мясцовага савета. І працы ў нас шмат таму, што дэпутаты абсалютна не варушацца. А зьвяртацца да іх бескарысна. Але мы зьвяртаемся. І, як гэта ні парадаксальна, у асноўнай сваёй масе яны нам не дапамагаюць, а толькі процідзейнічаюць».
Ён запэўнівае, што калектыўныя звароты даюць-такі станоўчы эфэкт. Чыноўнікам даводзіцца выходзіць на заяўленае месца і сустракацца з падпісантамі. Улада вымушаная рэагаваць.