Ініцыятыўную групу ў Віцебску і Віцебскім раёне па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты старшыні Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ўзначальвае сябра партыі прадпрымальніца Ірына Яскевіч, якая і будзе каардынаваць усю далейшую працу.
Спадарыня Яскевіч кажа, што ў склад ініцыятыўнай групы ў абласным цэнтры і Віцебскім раёне ўвайшлі 70 чалавек. Ёсьць свае каардынатары і каманды па горадзе Воршы і Аршанскім раёне, Полацку і Полацкім раёне, а вось абласны каардынатар у гэтую кампанію адсутнічае.
Як Вы асабіста расцэньваеце факт адсутнасьці абласнога кіраўніка, і ці не паўплывае гэта на канчатковыя вынікі збору подпісаў па ўсім паўночным рэгіёне?
Будзем здаваць подпісы – пабачым, як яно будзе. Толькі жыцьцё зможа засьведчыць уплыў гэтага факту. Хачу падкрэсьліць, што зьбіраем подпісы мы выключна на валянтэрскіх асновах. І я мяркую, што гэта правільна: калі табе патрэбныя перамены – ідзі і рабі іх. А калі для цябе гэта праца, то карысьней было б памахаць мяцёлкай: і заробіш, і непасрэдная карысьць для гораду.
Распавядзіце нашым чытачам, спадарыня Ірына, хто апрача сяброў вашай партыі бярэ ўдзел у шэрагах ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі.
Зьбіраць подпісы дапамагаюць прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацыяў. Нам дапамагаюць і сябры БХД, і асобныя чальцы іншых партыяў. Удзельнічаюць у зборы подпісаў і прадпрымальнікі. На сёньняшні дзень па Віцебску іх нават больш, чымся сяброў АГП. Як я лічу, рэч у тым, што статут АГП найбольш адпавядае чаканьням прадпрымальнікаў: ён гарантуе абарону правоў ўласьніка, забясьпечвае цывілізаванае вядзеньне бізнэсу. З гэтых прычынаў і я ў гэтай партыі. На ўзроўні Віцебскай вобласьці мы мяркуем, што сёлетняя кампанія – гэта ня выбарчая гонка. Мы лічым, што ў гэты час трэба быць разам, быць нейкім цэлым – дзеля дасягненьня мэты, таму ў нашых шэрагах гэткае стракатае прадстаўніцтва.
Што паказалі першыя дні збору подпісаў?
Мы першымі ў горадзе выставілі свае два пікеты – ля гандлёвага цэнтру «Эвіком». Сам збор подпісаў досыць складаны, бо калі людзі проста шпацыруюць па горадзе, ім не да збору подпісаў, яны ў асноўным без пашпартоў. Дык што стаўленьне людзей да гэтага працэсу не адназначнае, але мы робім сваю справу, працэс ідзе.
Вось у нядзелю нашы хлопцы стаялі, была моцная сьпёка, дзяўчат яны адпусьцілі, і за дзень сабралі ўсяго 30 подпісаў. Пакуль агульная лічба за некалькі першых дзён ня тая, пра якую нам хацелася б казаць. З суботы наш пікет стаіць і на плошчы Свабоды. У гэты ж дзень Віцебск наведваў і наш кандыдат у прэзыдэнты Анатоль Лябедзька, які прайшоўся і паразмаўляў з гандлярамі Смаленскага рынку і гандлёвага цэнтру «Эвіком». Уласнаручна за некалькі гадзін яму ўдалося сабраць больш за сто подпісаў.
Якія ўражаньні засталіся ў Анатоля Лябедзькі ад зносін з прадпрымальнікамі і пакупнікамі?
Ён атрымаў пэўную дозу адрэналіну і добрага настрою. Людзі падпісваліся з задавальненьнем і ахвотай. Вось вам прыклад: адзін грамадзянін падпісвае ды кажа, што праз пару хвілінаў накіруе да яго яшчэ дваіх знаёмых з пашпартамі. Трэба адзначыць: на рынках яго ўспрымалі вельмі добра. І я думаю, гэта Анатоля натхніла і дадало вельмі станоўчых эмоцыяў. У цэлым наш кандыдат застаўся задаволеным ад свайго візыту ў горад на Дзьвіне. І гэта нягледзячы на тое, што было горача, і што прадпрымальнікі былі на працы.
Распавядзіце, калі ласка, што звычайна кажуць людзі, якія падыходзяць да вашых пікетаў па зборы подпісаў.
Адны кажуць, што перамены даўно насьпелі. Іншыя – што ўсё адно абяруць таго, каго трэба, і няма сэнсу займацца дарэмнымі рэчамі. Некаторыя кажуць: малайцы, што не пабаяліся выйсьці; дзякуй за тое, што зьбіраеце подпісы. Але ж ёсьць і тыя, што нават ня ведаюць пра пачатак выбарчай кампаніі. У нас наогул быў такі кур'ёзны выпадак: Анатоля пераблыталі з Лукашэнкам. Адзін дзядзька кажа: «У вас тут ён нейкі малады». – Я пытаю: «Хто?» – «Як хто? Лукашэнка!» – «Гэта ж не Лукашэнка, гэта ж Лябедзька!» – «А-а, так? Не-не, я за Лукашэнку!»
І Вы, спадарыня Ірына, лічыце, што перамены ў нашым грамадзтве сапраўды насьпелі, што людзі, якія выступаюць за перамены, выказваюць погляды нейкай больш-менш значнай часткі грамадзтва?
Перамены неабходныя ня толькі тым, хто выйшаў. Перамены патрэбны ўсім. І гэта абавязак грамадзян – падтрымаць гэтыя перамены. З чагосьці трэба пачынаць, калі большасьць насельніцтва маўчыць, седзячы ля тэлевізара ці спрачаючыся на кухні. Цяпер жа ёсьць магчымасьць гаварыць хаця б тым, хто ведае, што сказаць, у каго ёсьць, што прапанаваць народу. Выбары ж самі па сабе – гэта магчымасьць сказаць людзям праўду пра іх саміх. Няўжо вас задавальняе тое, што ў большасьці бракуе грошай на элемэнтарнае? Што сёньня вы ўжо ня ў стане купіць тое, што набывалі ўчора; што расьце беспрацоўе? Калі задавальняе, то чым тады наогул можна абудзіць гэтых людзей? Значыць, ёсьць у іх нейкія прыхаваныя рэзэрвы; значыць, яны чакаюць лепшага ад гэтай улады. Хаця трэба разумець, што лепшага нельга чакаць, за яго трэба змагацца, да яго трэба рухацца, яму трэба спрыяць, а само па сабе яно ня прыйдзе.
Агучце, калі ласка, тыя пытаньні, якія людзі хацелі б асабіста задаць кандыдату ў прэзыдэнты Анатолю Лябедзьку.
Людзі выпадковыя да нашых пікетаў не падыходзяць, іх туды ніякімі абаранкамі не заманіш. Калі чалавек ідзе да нас, а наш пікет пазнавальны, знакавы, ён дае подпіс. З аднаго боку на стэндзе ў нас партрэт Анатоля Лябедзькі, з другога – кароткая біяграфія, з якой бачны ўсе ягоныя жыцьцёвыя і палітычныя дасягненьні. Таму асаблівых пытаньняў не ўзьнікае, найчасьцей пытаюцца, а ці не баіцца ён рэпрэсіяў, падобных да тых, што былі ў 2010 годзе?
А ці Вы падзяляеце гэткую асьцярогу грамадзкасьці?
Прагназаваць, вядома, цяжка, як і адказваць на гэткага кшталту пытаньні. На сёньняшні дзень я магу сказаць, што ніхто не чыніў нам аніякіх перашкод, нягледзячы нават на тое, што наш пікет стаіць пад бел-чырвона-белым сьцягам. Супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў праяжджалі побач, але ніхто ніякіх заўваг не рабіў. Магчыма, улада дала загад на час выбарчай кампаніі – не чапаць.
А ці бываюць нейкія камічныя выпадкі, якія ўзьнікаюць падчас непасрэдных зносін з выбарцамі?
Была камічная сытуацыя: мужчына зь сям'ёй, падышоўшы да пікету, запатрабаваў побач павесіць Лукашэнку. Я, як чалавек з гумарам, прапанавала павесіць яго ў іншым месцы. «Што Вы сабе дазваляеце?!» – пачула я ў адказ. «Якое Вы мне пытаньне задалі, так я і адказала. У нас на стэндзе вісіць фота нашага кандыдата, і чаму я мушу тут яшчэ некага вывешваць, павесьце яго там, дзе лічыце неабходным». Пасьля маіх словаў той схапіў сваю сям'ю ды ўцёк, як зь месца злачынства.
Віцебская вясна