Паўла Левінава дэлегавалі дзьве групы выбаршчыкаў, якія хацелі бачыць яго ў ліку чальцоў Першамайскай раённай выбарчай камісіі Віцебску і Віцебскай абласной камісіі.
У райсудзе Кастрычніцкага раёну Віцебску, на тэрыторыі якога знаходзіцца гарвыканкам, дзе праходзіла супольнае паседжаньне прэзыдыюму гарсавету і гарвыканкаму, разьбіралася пытаньне, чаму Паўла Левінава не ўключылі ў склад Першамайскай выбарчай камісіі.
“Выглядае, вылучэньне ў чальцы камісіі мела сплянаваны характар. Напрыклад, заявы ад груп грамадзян, якія вылучалі “патрэбнага” чальца камісіі, былі напісаныя як пад капірку – у кожным па 17 подпісаў і абсалютна, да коскі, аднолькавыя тэксты. Склалася ўражаньне, што падрыхтоўку сьпісаў рабіў ці адзін чалавек, ці нейкая адна структура. Аднак судзьдзя Алена Папкова вырашыла адмовіць у задавальненьні скаргі групы выбаршчыкаў, якія за мяне падпісваліся, – маўляў, галасаваньне праходзіла без парушэньняў, камісія сфармаваная ў адпаведнасьці з заканадаўствам”, – распавеў Павал Левінаў.
Падобны сцэнар рэалізаваўся і ў Віцебскім абласным судзе, дзе разьбіралася скарга групы выбаршчыкаў, якія дэлегавалі Паўла Левінава ў абласную выбарчую камісію.
“Да заявы з подпісамі грамадзян былі прыкладзеныя матэрыялы, якія мяне характарызуюць – ў прыватнасьці, пра мой досьвед удзелу ў выбарчых кампаніях як у Беларусі, так і за мяжой. Але на супольным паседжаньні аблсавету і аблвыканкаму былі агучаныя толькі прозьвішчы і спосаб вылучэньня. Думаю, што многія чыноўнікі, якія займаліся фармаваньнем камісіі, добра мяне знаюць, але ніхто за мяне не прагаласаваў. Двое “устрымаліся”. Судзьдзя Аляксандар Федзюкевіч аніякіх парушэньняў ня ўбачыў”, – сказаў Павал Левінаў.
spring96.org