Старшыня перадвыбарчага штабу Тацьцяны Караткевіч па Віцебскай вобласьці і каардынатарка па Віцебскім раёне Лідзія Сагідуліна ласкава пагадзілася ацаніць першы этап працы, праведзенай ў паўночным рэгіёне краіны, па вылучэньні на пасаду прэзыдэнта кандыдата ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум».
Тацьцяну Караткевіч Лідзія Сагідуліна знае на працягу дзесяці гадоў, зь якіх апошнія пяць гадоў вельмі шчыльна супрацоўнічала зь ёй у межах кампаніі «Гавары праўду» ды кааліцыі «Народны рэфэрэндум».
У той час, калі бальшыня апазыцыйных палітыкаў ад удзелу у выбарах адмовіліся, якімі аргумэнтамі кіравалася Ваша кандыдатка, прымаючы рашэньне ўзяць удзел у сёлетніх выбарах?
Аргумэнтаў за выбары існуе гэтулькі ж, колькі і супраць. Удзел у выбарах мы разам з кандыдаткай успрымаем, як працяг кампаніі «Народны рэфэрэндум». Многія чамусьці робяць выгляд, нібыта яны не заўважылі гэтай ініцыятывы, але ж мы сабралі ня менш за 120 тысячаў подпісаў. І сабралі іх рэальна – людзі аддалі свае галасы за перамены. І пасьля гэтага не ісьці на выбары – значыць не скарыстацца з магчымасьцяў структураў, створаных пад «Народны рэфэрэндум». Таму трэба працягваць. І, па-другое, з чым мы прыйдзем да людзей пасьля выбараў? Бо яны абавязкова запытаюць, дзе мы былі падчас выбарчай кампаніі. Таму пытаньне пра «ўдзел ці няўдзел» мы нават не абмяркоўвалі. І яшчэ, скажыце, за каго галасаваць тым людзям, якія ўсё ж такі прыйдуць на выбарчыя ўчасткі? За Лукашэнку? За Гайдукевіча? Не, дэмакратычны кандыдат абавязкова павінен быць у выбарчых бюлетэнях.
Пагадзіцеся: жанчына і палітыка ў нашых умовах – рэчы амаль не сумяшчальныя. Вы не баіцеся, што гэткая ноша можа быць не пад сілу вашаму кандыдату?
Калі ад барацьбы адмаўляюцца мужчыны, чаму жанчыны ня могуць быць наперадзе? Я асабіста гэтаму нават радая. Рашэньне браць удзел у выбарах не было спантанным. Да ўзроўню рэспубліканскага палітыка Тацьцяна расла на працягу апошніх пяці гадоў, побач з Уладзімерам Някляевым.
Якія, у такім разе, байцоўскія якасьці імпануюць Вам у асобе палітыка Т. Караткевіч?
Сярод якасьцяў, якія імпануюць мне ў асобе Караткевіч – гэта найвышэйшая яе дысцыплінаванасьць і адказнасьць перад людзьмі. Яшчэ яна валодае гэткай важнай для палітыка ўласьцівасьцю, як надзвычайная кантактнасьць. Яна ня мае аніякіх праблемаў у наладжваньні стасункаў з асобамі розных узроставых катэгорыяў. Але, самае галоўнае, яе ўжо пазнаюць на вуліцы. Вось апошні выпадак падчас нашага зь ёй наведваньня кавярні: да нас падыходзіць яе гаспадар і просіць у Тацьцяны аўтограф. Маўляў, я Вас ведаю зь Сеціва, але ў тым выпадку, калі Вы станеце прэзыдэнтам, тады я ня буду мець магчымасьці яго займець.
Ці задаволеныя вы колькасьцю ініцыятыўнай групы і ходам яе фармаваньня?
Колькасьцю ініцыятыўнай групы па Віцебскай вобласьці я вельмі задаволеная. Толькі ў Віцебску мы маем амаль чатыры сотні валянтэраў. Дарэчы, да нас далучыліся абсалютна новыя маладыя людзі, гатовыя зьбіраць подпісы. Ёсьць сярод іх і студэнты. Як паказвае практыка ранейшых кампаніяў, некаторыя студэнты, што супрацоўнічалі з намі, зазналі ціск, але пазьбеглі ўсялякіх рэпрэсіяў і пасьпяхова скончылі свае ВНУ. Ёсьць каля двух дзесяткаў чалавек, якія прыйшлі да нас «з вуліцы».
Ці былі цяжкасьці падчас фармаваньня ініцыятыўнай групы, і хто склаў яе асноўную частку?
Вядома, ня ўсе людзі з тых, на якіх мы разьлічвалі, пагадзіліся ўдзельнічаць у зборы подпісаў. Асноўную частку складаюць асобы, якія бралі ўдзел у «Народным рэфэрэндуме». Падтрымалі нас і сябры некаторых палітычных партыяў, сярод якіх БНФ, БСДП(Г)...
Якую колькасьць подпісаў вы мяркуеце сабраць за адпушчаны законам час?
Прыгадваючы мінуўшчыну, магу сказаць, што ў 2010 годзе наша ініцыятыўная група сабрала дваццаць тры тысячы подпісаў. Таму зараз мы плянуем сабраць прыкладна дваццаць пяць тысяч подпісаў. Тады асабіста мне ня будзе сорамна ні перад нашым кандыдатам, ні перад кіраўнікамі іншых ініцыятыўных групаў.
Ці думала каманда вашага кандыдата над лёзунгам-слоганам, які б мог сьцісла данесьці да выбаршчыкаў сутнаснае адрозьненьне вашай вылучэнкі ад іншых?
Дакладна я ня ведаю, гэта не мая кампэтэнцыя. Асабіста мне імпануе гэткі вершык, дасланы прыхільнікам Тацьцяны Караткевіч:
Хутка выбары ў краіне.
Ня дай Бог, як ва Ўкраіне!
Нам ня трэба гэткіх зьмен,
Толькі мірных перамен.
Паглядзіце, нават опы
Прыўзьнялі свае попы.
Усе на выбары ўзамен:
Таня, мірных перамен!
Таня добры кандыдат,
Нават я такому рад.
Я б узяла гэткі радок: «Таня, мірных перамен!», альбо «Тацьцяна Караткевіч за мірныя перамены».
Скажыце, на што разьлічвае ваша каманда ва ўмовах, калі ўжо загадзя вядомы вынік выбараў?
Ня трэба глядзець, як было раней, ня трэба параўноўваць. Як мы зробім, так і будзе. Найперш, я разьлічваю, што мы зьбяром неабходную колькасьць подпісаў. А ўжо зарэгіструюць альбо не Караткевіч – тое ўжо ад нас не залежыць. Калі зарэгіструюць, то хацелася б, каб тыя выбарцы, што падтрымалі Тацьцяну на першым этапе выбараў, на заключным этапе прагаласавалі б за яе.
С. Горкі, Віцебская вясна